https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і шэраг іншых грамадскіх арганізацый прапануюць перанесці святкаванне Дня друку


Адпаведны зварот накіраваны ўладам, паведамляе інфармацыйны цэнтр аб`яднання.
Міжнароднае грамадскае аб`яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і шэраг іншых грамадскіх арганізацый прапануюць перанесці святкаванне Дня друку з 5 мая на 6 жніўня. 

"Сучасная Беларусь нават праз чвэрць стагоддзя ад здабыцця незалежнасці працягвае святкаваць дзень айчыннага друку 5 мая, арыентуючыся на выхад першага нумара партыйнага органа РСДРП(б) — газеты "Правда" ў 1912 годзе. Гэта выглядае як недагляд ці непаразуменне, асабліва калі прыняць да ўвагі, што нават Дзень расійскага друку ў Расійскай Федэрацыі адзначаецца 13 студзеня і прымеркаваны да дня выхаду першага нумара газеты "Ведомости" ў 1703 годзе. Беларусь, такім чынам, адзіная з усіх постсавецкіх краінаў працягвае савецкую завядзёнку. А між тым традыцыя беларускага кнігадрукавання займае ці не самыя ганаровыя старонкі нацыянальнай і еўрапейскай гісторыі, сягаючы аж на пяць стагоддзяў у даўніну", — адзначаецца ў звароце.

Яго аўтары нагадваюць, што "першую друкаваную кнігу беларусы атрымалі 6 жніўня 1517 года". "Пераклад на старабеларускую мову біблійнай кнігі "Псалтыр", пра які вядзецца гаворка, быў здзейснены і надрукаваны асветнікам Францыскам Скарынам у Празе і стаўся не толькі адным з першых перакладаў Бібліі на жывую мову, але і самай першай усходнеславянскай друкаванай кнігай наогул. Пра маштаб падзеі сведчыць яшчэ і той факт, што французскі, англійскі і польскі пераклады ўбачылі свет пазней", — падкрэсліваюць яны.

Паколькі у 2017 годзе будзе шырока адзначацца 500-годдзе беларускага друку, "мэтазгодным становіцца перанос Дня айчыннага друку, прафесійнага свята для супрацоўнікаў газет, часопісаў, кніжных выдавецтваў і друкарняў, на 6 жніўня", лічаць падпісанты. "Такім чынам нарэшце перарвецца кур`ёзная завядзёнка дзеля гістарычна абумоўленай традыцыі", — мяркуюць яны.

Зварот акрамя МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" падпісалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Як паведаміла старшыня рады "Бацькаўшчыны" Ніна Шыдлоўская, прапанова накіраваная ў Адміністрацыю прэзідэнта, ва ўрад, а таксама на імя старшынь абедзвюх палат Нацыянальнага сходу. "Калі будзе нейкая рэакцыя — плануем шукаць падтрымку на ўзроўні пэўных міністэрстваў", — дадала яна.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 26 ліпеня 2016
 
Дата публикации:26.07.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:996
 
Ключевые слова:
День Печати 500-годдзе беларускага кнігадрукавання "Бацькаўшчына"
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме