«Гэта быў першы фільм, які мы перакладалі з карэйскай мовы і гэта быў сапраўды незвычайны досьвед, — кажа кіраўнік ініцыятывы „Кінаконг“ Андрэй Кім, — Мова для нас незнаёмая і таму мы рабілі дадатковую працу, зьвязваліся з карэйцамі, каб усё было дакладна. Самі фільм вельмі цікавы. Азіяцкая мэйнстрымавае кіно для нас вельмі закрытае. Тое, што прыяжджае да нас — гэта звычайна толькі арт-хаус, складанае для разуменьня занадта філязоўскія стужкі. Той фільм, які мы перакладалі — гэта гістарычны баявік. Але акрамя таго, што ён мэйнстрымавы (гэта быў самы папулярны фільм у карэйскім пракаце ў 2014 годзе), ён пры гэтым дае магчымасьць паразважаць, падумаць. Ён заснаваны на рэальнай гісторыі і ён блізкі для кожнага з нас».
Кім кажа, што яны спачатку зьбіраліся агучыць фільм, але вырашылі абмежавацца субтытрамі, каб захаваць карэйскі калярыт стужкі.
Ініцыятыва «Кінаконг» ужо даўно займаецца перакладам кіно і мультфільмаў на беларускую мову і нядаўна нават адзначылі пэўны юбілей:
«Мы нядаўна сьвяткавалі наш 20-ты агучаны фільм. Проста перакладзеных — больш. У нас дзесяткі ролікаў у інтэрнэце, агучаных на беларускую мову. Калі мы праводзім уласныя паказы, гэта звычайна не кінатэатры і ў нас заўсёды поўныя залі — 100-200 чалавек можа прыйсьці. Я думаю і сёньня на сэанс прыйдзе поўная заля, і гэта таксама паказвае цікавасьць людзей да беларускай мовы і культуры — ім прыемна глядзець кіно на беларускай мове».
Фільм «Гнеў караля» будзе паказаны з беларускімі субтытрамі 14 траўня а 19-й у кінатэатры «Перамога». Білеты можна атрымаць за гадзіну да пачатку ў фае кінатэатра. Паказ арганізаваны амбасадай Рэспублікі Карэя ў межах Дзён карэйскага кіно.
Радыё Свабода
14 траўня 2016, Менск
14 траўня 2016, Менск