https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Помнік народнаму мастаку Беларусі Васілю Шаранговічу адкрылі на Усходніх могілках


Помнік народнаму мастаку, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесару Васілю Шаранговічу адкрылі на Усходніх могілках у Менску.
Васіль Шаранговіч увайшоў у гісторыю беларускага мастацтва ХХ стагоддзя як выдатны майстар станковай і кніжнай графікі з адметным творчым почыркам. За 40-гадовы творчы шлях ён праілюстраваў больш за 60 выданняў. У яго мастацкай скарбонцы шматлікія акварэлі, графічныя лісты, малюнкі, жывапіс, ілюстрацыі да твораў класікаў беларускай літаратуры. Работы Васіля Шаранговіча выстаўляліся ў ЗША, Кітаі, Алжыры, Германіі, Польшчы, Італіі, Грэцыі, Францыі, іншых краінах, але нязменна вярталіся на радзіму — аўтар не прадаваў іх за мяжу прынцыпова.

Першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў», дачка мастака Наталля Шаранговіч заўважыла, што помнік прысвечаны не толькі яму, але і яго жонцы Галіне. «Так атрымалася, што мае бацька і маці сышлі з жыцця адзін за адным, таму помнік прысвечаны ім дваім», — патлумачыла яна.

«Гэта была вельмі творчая сям’я. Для мяне важна, што гэты помнік мае такое сімвалічнае значэнне. Тут ёсць анёл, які іх аплаквае, але на заднім плане, калі прыгледзецца, вельмі вядомая гравюра „вечны дуб“ Васіля Шаранговіча. На ёй відаць вядомае дрэва жыцця, бо, напэўна, жыццё працягваецца і пасля смерці, а для творчага чалавека яна бясконцая. Усе работы, якія былі створаны, кнігі, якія былі выдадзены і перавыдаюцца на сёння, выставы, якія праходзяць, — гэта і ёсць тая самая вечная памяць і вечнае жыццё мастака. Гэтым помнікам мы хацелі сказаць пра тое, што, колькі б ні праходзіла часу, але песня пра Беларусь, якую паспеў запісаць Васіль Пятровіч Шаранговіч, захоўваецца», — адзначыла Наталля Шаранговіч.

Васіль Шаранговіч-ураджэнец Мядзельскага раёна. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама Вячаслаў Клімовіч расказаў, што разам з мастаком у курортным пасёлку Нарач была адкрыта мастацкая галерэя. Васіль Пятровіч сам падбіраў і расстаўляў усе работы, прапрацоўваў усё да дробязяў, нават колер жалюзі адпавядаў агульнаму інтэр’еру.

«Гэтая галерэя карыстаецца даволі вялікай папулярнасцю не толькі сярод жыхароў нашага раёна і краіны ў цэлым, але і сярод тых людзей, якія адпачываюць у нашых здраўніцах. Гэта і блізкае, і далёкае замежжа. Усе выказваюцца вельмі станоўча і пра саму галерэю, і пра творчасць Васіля Шаранговіча», — дадаў Вячаслаў Клімовіч.

На яго думку, вельмі важна захоўваць памяць пра мастакоў, ствараючы музеі, галерэі, бо гэта спрыяе таму, каб моладзь ведала гісторыю нашай краіны.

Стварэннем помніка займаўся народны мастак Беларусі, скульптар Уладзімір Слабодчыкаў. «Я б хацеў, каб гэтая работа паказала Васіля Шаранговіча як мастака, менавіта таму на заднім плане відаць яго дрэва, але яно, вядома, разламанае. Гэты разлом пазначае трагедыю, якая адбылася ў яго сям’і. Дзве пліты сімвалізуюць надмагіллі яму і ёй, а аб’ядноўвае ўсё анёл, які знаходзіцца паміж імі», — заўважыў Уладзімір Слабодчыкаў. 

Васіля Шаранговіча па праве называюць стваральнікам школы беларускай графікі. Адзін з самых адораных выпускнікоў БДТХІ, ён шмат гадоў выкладаў у альма-матэр, прайшоў шлях ад выкладчыка да прафесара, загадчыка кафедры графікі, а следам і рэктара, у тым ліку дзякуючы яму тэатральна-мастацкі інстытут атрымаў статус Акадэміі мастацтваў. За 30 гадоў педагагічнай работы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў Васіль Шаранговіч выхаваў многіх мастакоў-графікаў.

Звязда, 22 лістапада 2024
 
Дата публикации:22.11.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:50
 
Ключевые слова:
Искусство Васіль Шаранговіч
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме