https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пояс Вітаўта з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі пакажуць у Літве


У межах Дзён беларускай культуры ў Літве Нацыянальны гістарычны музей Беларусі 17 красавіка адкрые ў вільнюскім Палацы-музеі вялікіх князёў літоўскіх выставу "Сярэднявечнае ўпрыгажэнне. Загадкавы пояс эпохі Вітаўта Вялікага", паведамілі ў музеі.
Парадны паясны набор, які атрымаў ад беларускіх музейшчыкаў неафіцыйную назву "пояс Вітаўта", знайшлі ў пачатку 1990-х гадоў разам з іншымі каштоўнымі рэчамі і манетамі ў скарбе каля вёскі Літва (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Больш за 10 гадоў ён знаходзіўся ў прыватнай калекцыі, аднак у 2006 годзе намаганнямі прафесара Белдзяржуніверсітэта Валянціна Рабцэвіча быў перададзены ва ўласнасць дзяржавы. У 2007 годзе пояс Вітаўта ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і перадалі на захоўванне ў Нацыянальны гістарычны музей. 

Паясны набор складаецца з 11 круглых пласцін, спражкі, наканечніка і дзвюх квадратных накладак. Дэталі выкананыя з высакаякаснага серабра, упрыгожанага пазалотай і чарненнем. 

Пояс Вітаўта зрабілі італьянскія майстры адной з генуэзскіх калоній у Крыме ў канцы ХIV — першай траціне XV стагоддзя. Спецыялісты адзначаюць, што гатычныя элементы спражкі ўказваюць на запазычанне з мастацкай традыцыі Цэнтральнай Еўропы, верагодна Ламбардыі ці Венецыі. Аднак круглыя пласціны з пазалочанага серабра маюць прыкметы татарскай арнаментыкі, таму не выключана, што замоўца пояса быў з цюркаў. 

Пояс Вітаўта адносіцца да кола элітарных рэчаў, якія належалі людзям высокага сацыяльнага статусу, адзначаюць спецыялісты Нацыянальнага гістарычнага музея, аднак звязаць яго з пэўнай гістарычнай асобай, на жаль, не ўяўляецца магчымым. Раней вучонымі выказвалася гіпотэза пра тое, што пояс трапіў на тэрыторыю Беларусі ў якасці падарунка крымскага хана Хаджы Гірэя вялікаму князю літоўскаму Вітаўту, але цяпер гэта хутчэй легенда. 

Гэты пояс з`яўляецца адзінай знаходкай падобнага роду ва Усходняй Еўропе.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 13 красавіка 2015
 
Дата публикации:13.04.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1603
 
Ключевые слова:
Музеи Беларуси Археология Вільня Литва Вітаўт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме