https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дванаццаць твораў увайшлі ў лонг-ліст літаратурнай прэміі Гедройца 2015 года


У лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ўвайшлі дванаццаць твораў беларускіх аўтараў.
Спіс апублікаваны на афіцыйным сайце прэміі gedroyc.by.

У доўгі спіс намінантаў гэтага года ўвайшлі "Настальгія" Сяргея Абламейкі, "Жанчына і леапард" Таццяны Барысік, "Дзеці Аліндаркі" Альгерда Бахарэвіча, "Ян Ялмужна" Антона Францішака Брыля, "Шэптам" Віталя Воранава, "Кніга зданяў" Андрэя Гуцава, "Сіні карабель у блакітным моры плыве" Сяргея Дубаўца, "Час збіраць косці" Віктара Казько, "Мова" Віктара Марціновіча, "Авантуры студыёзуса Вырвіча" Людмілы Рублеўскай, "Брамнік заўжды самотны" Юрыя Станкевіча і "Дэгенератыўны слоўнік" Сяргея Прылуцкага (пад псеўданімам Пістончык).

На аснове гэтага спісу журы прэміі ў красавіку трэба будзе вызначыць шорт-ліст — шасцёрку прэтэндэнтаў на атрыманне прэміі Гедройца. Пераможца прэміі будзе вызначаны ў сярэдзіне мая.

Усяго сёлета на конкурс прыслалі 63 літаратурныя працы, з якіх журы выбрала 42  творы, якія склалі поўны спіс. Сярод іншых з конкурсу выбылі зборнік эсэ "Беларуская глыбіня" Паўла Севярынца, а таксама "Іртутнае срэбра жыцця" і "Халоднае крыло Радзімы" Алеся Бяляцкага.

Сёлета ў склад журы ўвайшлі філосафы Уладзімір Арлоў і Ігар Бабкоў, перакладчыцы Малгажата Бухалік і Ганна Янкута, літаратуразнаўцы Ганна Кісліцына і Ціхан Чарнякевіч, літаратар і мастак Адам Глобус, празаік Андрэй Федарэнка.

Канкурсант, якому журы прысудзіць першае месца, атрымае чэк ад Idea Bank, які выступае партнёрам прэміі. За другое месца арганізатары конкурсу абяцаюць пераклад твораў на польскую мову або стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў у шведскім горадзе Вісбю. Уладальнік трэцяга месца атрымае стыпендыю на творчую паездку ў латвійскі Вентспілс.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца была заснаваная 28 снежня 2011 года. Яна прысуджаецца за лепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым ці электронным варыянце) ў папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі. Заснавальнікамі выступілі пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

У 2012 годзе пераможцам прэміі стаў Павел Касцюкевіч з кнігай "Зборная РБ па негалоўных відах спорту", у 2013-м — Уладзімір Някляеў з кнігай "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без", у 2014-м — Ігар Бабкоў з кнігай "Хвілінка. Тры гісторыі".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 30 сакавіка 2015
 
Дата публикации:30.03.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1398
 
Ключевые слова:
Литература Премия Гедройца Конкурс
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме