https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гран-пры 54-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" прысуджана фотаальбому "Беларусь замкавая"


Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.
Вышэйшая ўзнагарода 54-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" Гран-пры ў намінацыі "Трыумф" прысуджана фотаальбому "Беларусь замкавая". 

Альбом выдадзены ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа". Памятны знак-сімвал "Вялікі залаты фаліянт" і дыплом імя Ф.Скарыны будуць уручаны пераможцу. 

Пераможцамі 54-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" таксама сталі наступныя выдавецкія праекты. У намінацыі "ЛІТ-фармат" (выданні літаратурна-мастацкага напрамку) - кніга Стэфана Цвейга "Шахматная навела" (ТДА "Калекшн"). У намінацыі "Разам з кнігай мы расцём" лепшай стала серыя кніг для дзяцей выдавецтва "Мастацкая літаратура": "Журавінк@": Васіль Зуёнак "Запішыце мяне ў мядзведзі", Віктар Гардзей "Сарочына цырульня", Васіль Жуковіч "Хто хацеў бы пакатацца?". 

У намінацыі "Фотапогляд" пераможцам названы фотаальбом Аляксандра Аляксеева, Алега Лукашэвіча "Скарбы Беларусі" (выдавецтва "Чатыры чвэрці"). Лепшым даведачным і энцыклапедычным выданнем у намінацыі "Залатыя скрыжалі" стала "Вялікая энцыклапедыя Вялікага тэатра Беларусі" выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі".

З ліку выданняў па выяўленчым мастацтве, факсімільных, рэпрынтных, бібліяграфічных у намінацыі "АРТ-кніга" перамогу атрымала кніга Алега Радкевіча "Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт у сілуэтах і вобразах". У намінацыі "Эўрыка" (навуковыя, навукова-папулярныя выданні) - кніга калектыву аўтараў "Нарысы гісторыі культуры Беларусі". У 2 тамах. Т.1 "Культура сацыяльнай эліты XIV - пачатку ХХ ст.", Т.2 "Культура гарадоў Х - пачатку ХХ ст." ("Выдавецкі дом "Беларуская навука").

Факсімільнае выданне "Тураўскае Евангелле. Туровское Евангелие. Turau Gospel" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выйграла ў намінацыі "Духоўнасць", а выданне "Кніжная спадчына Беларусі" (выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі") - у спецыяльнай намінацыі "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны". 

У спецыяльнай намінацыі "Садружнасць" (сумесныя выдавецкія праекты) лепшай стала серыя кніг "Дзіцячая бібліятэка". Гэта работа выдавецтва "Кніжны дом" сумесна з польскім выдавецтвам Elzbieta Jarmolkiewicz. У намінацыі "Падручнік новага стагоддзя" ўзнагароду вырашана не прысуджаць.

Адразу два выдавецкія праекты БЕЛТА названы лепшымі кнігамі 54-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі". У спецыяльнай намінацыі "Перамога" (да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў) узнагарода прысуджана альбому "Перамога - адна на ўсіх", у спецыяльнай намінацыі "У люстэрку часу" (кнігі, выдадзеныя па заказе) - "Мінскі аўтамабільны завод. Вопыт сямі дзесяцігоддзяў".

У персанальнай намінацыі "Майстэрства" лепшым ілюстратарам кнігі названа Кацярына Дубовік за ілюстрацыі да кнігі Стэфана Цвейга "Шахматная навела", лепшым дызайнерам - Генадзь Мацур за арыгінальны дызайн кніг "Беларускі савецкі плакат", "Радзівілы. Нясвіж. Замак". Лепшым фотамастаком стаў Георгій Ліхтаровіч за вялікі ўклад у кніжную фатаграфічную культуру Беларусі (аўтарская фотаздымка альбомаў Вольгі Лабачэўскай "Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка" і "Палескія былі Івана Супрунчыка", "Беларусь", "Мінск" і інш.).

Персанальны дыплом з уручэннем знака-сімвала "Малы залаты фаліянт" прысуджаны (пасмяротна) Наталлі Ванінай, дырэктару РУП "Выдавецтва "Пачатковая школа" - за вялікі асабісты ўклад у развіццё нацыянальнага кнігавыдання.

Пераможцам намінацый будуць уручаны памятныя знакі-сімвалы "Малы залаты фаліянт" і дыпломы ў дні XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая адбудзецца з 11 па 15 лютага. 

У 54-м Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі" прынялі ўдзел 46 выдавецтваў, што склала рэкордную колькасць за апошнія гады. Конкурсныя выданні першапачаткова былі разгледжаны мастацка-экспертнай камісіяй, затым - на пасяджэнні журы конкурсу. На суд журы было прадстаўлена 148 выданняў павышанай якасці.

6 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:06.02.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1000
 
Ключевые слова:
Искусство книги Конкурс Книгоиздание
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме