https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзесяць гадоў таму не стала Васіля Быкава


Народны пісьменнік Беларусі, адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20.15 у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнай клінікі ў Бараўлянах, праз тры дні пасля таго, як яму споўнілася 79 гадоў.
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям`і. Скончыўшы восем класаў вясковай школы, год адвучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча, якое вымушаны быў пакінуць з-за адмены стыпендый. У чэрвені 1941 гады экстэрнам здаў іспыты за 10-ты клас сярэдняй школы.

Вайна застала Быкава ва Украіне, дзе ён удзельнічаў у абаронных работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны і быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён. Ваяваў у складзе армейскага інжынернага батальёна. Зімой 1941—1942 гадоў жыў на станцыі Салтыкоўка і ў горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці, вучыўся ў чыгуначнай школе. У армію быў прызваны летам 1942-га, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча. Восенню 1943 года прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку. Падчас Кіраваградскай аперацыі паранены ў нагу і жывот (па памылцы быў запісаны як загінулы); падзеі пасля ранення паслужылі асновай аповесці "Мёртвым не баліць".

Пасля дэмабілізацыі з 1947 года жыў у Гродне. Тады ж пачаў друкавацца. З 1955 да 1972 года працаваў у газеце "Гродненская правда". З 1959 года — член Саюза пісьменнікаў СССР. У 1972—1978 гадах — сакратар Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1978 годзе пераехаў у Мінск. У перыяд з 1978 па 1989 гады абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў БНФ. У 1989 годзе быў абраны дэпутатам з`езда народных дэпутатаў СССР, прэзідэнтам беларускага ПЭН-цэнтра. У 1990—1993 гадах — прэзідэнт Аб`яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Вядомасць Васілю Быкаву прынесла аповесць "Трэцяя ракета" (1962 год). У 1960-я гады таксама былі апублікаваны яго аповесці "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", якія сталі сусветна вядомымі; у 1970-я — "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", "Пайсці і не вярнуцца". Большасць сваіх твораў Быкаў пісаў па-беларуску, многія з іх сам перакладаў на рускую мову. Яго літаратурныя працы перакладзены на многія мовы свету.

Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Быкаў неаднаразова крытыкаваў яго палітыку, пасля чаго творы пісьменніка перасталі выдаваць на радзіме. З канца 1997 года Быкаў жыў за мяжой.

Спачатку па запрашэнні ПЭН-цэнтра Фінляндыі ён жыў у ваколіцах Хельсінкі, затым, атрымаўшы запрашэнне ПЭН-цэнтра ФРГ, пераехаў у Германію, пазней — у Чэхію. У Беларусь пісьменнік вярнуўся за месяц да смерці, перанёс дзве анкалагічныя аперацыі ў Празе. Лукашэнка выказаў афіцыйнае спачуванне ў сувязі са смерцю Васіля Быкава, для пахавання пісьменніка была створана дзяржаўная камісія. Аднак у яе склад не ўключылі яго самых блізкіх сяброў, пісьменнікаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Акрамя таго, насуперак волі сям`і Быкава, улады планавалі правесці воінскі рытуал пахавання з аховай салдат, аркестрам і салютам, забараніўшы пры гэтым працэсію па вуліцах Мінска. Аднак у выніку па патрабаванні родных Быкава жалобную цырымонію 25 чэрвеня правялі Саюз пісьменнікаў, Партыя БНФ і некаторыя іншыя апазіцыйныя арганізацыі. Развітацца з народным пісьменнікам прыйшлі каля 40 тысяч чалавек. Жалобная калона рухалася па праспекце Незалежнасці ад Дома літаратара, дзе адбылося адпяванне, да Усходніх (Маскоўскіх) могілак, дзе пахавалі пісьменніка.

Пасля смерці Васіля Быкава прадстаўнікі грамадскасці неаднаразова выступалі з ініцыятывай назваць яго імем вуліцы ў Гродне і Мінску — гарадах, дзе ён жыў. Улады гэтыя ініцыятывы не падтрымалі.

19 чэрвеня гэтага года, у дзень нараджэння Васіля Быкава і напярэдадні 10-й гадавіны яго смерці, прыхільнікі творчасці пісьменніка, яго сябры і знаёмыя прынеслі кветкі на яго магілу. "Сказаць, што Васіль Быкаў — гэта вялікі чалавек з вялікай літаратуры, занадта проста, — заявіла сакратар Саюза беларускіх пісьменнікаў паэтэса Вікторыя Трэнас. — Хочацца знайсці штосьці больш глыбокае, словы падзякі. Таму што нам сапраўды сёння не хапае людзей, якія маглі б быць паўнацэннымі прадстаўнікамі нашай нацыі, павесці яе за сабой".

"Я, здавалася б, добра ведаў Быкава як чалавека, як пісьменніка, — падзяліўся блізкі сябар пісьменніка, вядомы паэт Генадзь Бураўкін. — Але за гэтыя гады ён ад мяне не аддаляецца, а набліжаецца і адкрываецца ўсё больш і больш як унікальна мудры, унікальна мужны і ўнікальна чалавечны чалавек. Шмат сказана, шмат напісана пра Васіля, але, думаю, яшчэ дагэтуль шмат не толькі не сказанага, але і не разгаданага. Гэта адбудзецца — Беларусь прачнецца, калі яна хоча застацца Беларуссю".

БелаПАН

Мінск, 22 чэрвеня 2013
 
Дата публикации:22.06.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2314
 
Ключевые слова:
Васіль Быкаў Белорусская литература
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме