https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З Днём Волі вас!


Шэсьце з нагоды Дня Волі ў Менску сабрала каля тысячы чалавек.
Тыя, хто прыйшоў адзначыць 95-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, прайшлі два з паловай кілямэтры ад кінатэатру «Кастрычнік» да парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор.

Тэрмомэтар паказваў мінус дванаццаць, людзі трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі, сьпявалі песьні, віншавалі адзін аднаго і абмяркоўвалі праблемы палітычныя і асабістыя. Пасьля акцыі міліцыя затрымала каля дзясятка чалавек.

Шэсьце на Дзень Волі было дазволенае, але на месцы збору каля кінатэатру «Кастрычнік» ужо стаялі мэталёвыя брамы з амапаўцамі. Большасьць людзей усярэдзіну агароджанай міліцыяй пляцоўкі прынцыпова не заходзілі.

Туды зайшлі толькі некалькі актывістаў «Эўрапейскай Беларусі», сярод іх былы палітвязень Сяргей Казакоў. Яны былі добра экіпіраваныя да сьвята, на тварах на ўзроўні вачэй намалявалі чырвоную палоску – як урачыстая баявая расфарбоўка.

Астатнія людзі стаялі побач з агароджай, усьміхаліся, віталіся, сьпявалі. Арганізатары – а заяўнікамі мітынгу былі Юрась Губарэвіч з руху «За свабоду», Аляксей Янукевіч з БНФ і Ўладзімер Раманоўскі з АГП – сябе надта не паказвалі. Людзі арганізоўваліся самастойна – бел-чырвона-белых сьцягоў, шалікаў, стужачак, эмблемаў на адзеньні і торбах было шмат.

Прыйшлі на шэсьце палітыкі Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Анатоль Вярцінскі, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Віталь Рымашэўскі, былы палітвязень Павал Вінаградаў. Ён яшчэ пад прэвэнтыўным наглядам, і я адразу пытаюся, ці можна яму тут быць? Чаму не, адказвае Павал, я свабодны чалавек:

«Для кагосьці гэты дзень як сьвята, а для мяне гэта дзень пратэсту. А не пратэставаць я не магу, таму і прыйшоў».

РС: «Падабаецца, што тут адбываецца?»

Павал Вінаградаў: «Шчыра, я думаў, будзе горш. У прынцыпе, я задаволены. Я баяўся, што гэты Дзень Волі стане самым панылым за ўвесь час. Але я гляджу, што гэтага не адбылося, таму, у прынцыпе, я задаволены».

Калёна пачынае рухацца. Наперадзе нясуць вялізны бел-чырвона-белы сьцяг і вялікія партрэты палітвязьняў. Наста Дашкевіч нясе партрэт мужа, Зьмітра Дашкевіча.

Людзі ідуць арганізавана, побач са сваімі сябрамі і знаёмымі. Палітычныя суполкі таксама трымаюцца разам. Сьцягоў хапае – імі ўпрыгожаная ўся доўгая калёна шэсьця. Як заўважаюць сталыя ўдзельнікі такіх акцыяў, міліцыі параўнальна няшмат.

У калёне я іду побач з рэдактарам выданьня «Новы час» Аляксеем Каралём і заснавальніцай мультымэдыя-часопіса «34магнэт» Ірынай Віданавай. Яны бацька і дачка. На ўсе акцыі ходзяць разам ужо шмат гадоў. «Калі ўпершыню ўзялі дачку на акцыю, Аляксей Сьцяпанавіч? – пытаюся я. «Ды ня браў я, яна сама прыйшла, – сьмяецца спадар Кароль. Ірына распавядае, што ў 96-м, на першых курсах гістфаку, на Дзень Волі ўцякалі зь лекцыяў.

РС: «Якія вашыя супольныя Дні Волі найбольш помняцца?»

Аляксей Кароль: «75-я ўгодкі, калі гэта было амаль на афіцыйным узроўні сьвяткаваньне: шэсьце па праспэкце, і ў залі філярмоніі прысутнічаў Шушкевіч, тады яшчэ старшыня ВС. І здавалася, што яшчэ адзін год, і наступнае сьвяткаваньне ўжо будзе афіцыйным. На жаль, адбыўся адкат, і мы ізноў на пачатку незалежніцкага руху ў Беларусі».

Ірына Віданава: «Для мяне – 2006-ты. Я была ў Вашынгтоне. І мы падтрымлівалі тое, што адбывалася ў Менску, арганізоўвалі дэманстрацыі і пікеты. І там ня верылася, што тое, што адбываецца ў Менску, сапраўды можа адбывацца. Бо туды прыйшлі людзі са сьвяточным настроем, са спадзяваньнем. А ў Менску ўжо былі арышты, зьбіцьцё, кроў і было невядома, дзе сябры, дзе родныя. Гэтае зьмяшанае пачуцьцё сьвята і трагедыі, напэўна, запомніцца надоўга».

Калёна рухаецца павольна, законапаслухмяна спыняючыся на кожным сьвятлафоры. Моладзь, якая ідзе за намі, сьпявае традыцыйны для Дзён Волі рэпэртуар. Праўда, у апошнія гады «Трох чарапах» і «Паветраны шар» ужо пацясьнілі «Грай» і «Ня быць скотам» ад «Ляпіса Трубяцкога».

Мы зьвяртаем увагу на тое, што відэаапэратары ў чорным расстаўленыя вельмі шчыльна, літаральна праз 20 мэтраў. Фіксуюць кожны твар сучаснымі відэакамэрамі. Відаць, дапамаглі нямецкія паліцэйскія, жартуюць удзельнікі, згадваючы супрацоўніцтва нямецкай паліцыі і беларускага спэцназу. «А ўявіце, на гэтых жа стужках можна прасачыць, як чалавек мяняўся, як мода мянялася, – кажа Ірына.

Бліжэй да скрыжаваньня з вуліцай Якуба Коласа мы чуем першыя гукі аматарскага фаервэрку. Такіх сьвяточных выбухаў будзе яшчэ два. Міліцыя па рацыі ўжо перадае наказ – затрымліваць арганізатараў несанкцыянаванага фаервэрку. Людзі з партрэтамі палітвязьняў выстройваюцца ўздоўж шляху калёны – гэты шэраг маўклівых людзей з выявамі тых, хто ня можа быць з намі, уражвае.

На падыходзе да плошчы Бангалор усе ўжо вельмі замерзьлі. Людзі весела скардзяцца, што ня чуюць ані рук, ані ног. «Вось тут, – кажа Аляксей Кароль, паказваючы на цэнтар дарожнай разьвязкі, – калісьці помнік паставім: «Тым, хто дайшоў».

Уваход на Бангалор абгароджаны. Пры праходзе праз жалезную браму дзяўчына-ахоўніца абмацвае мяне з ног да галавы і пільна спраўджвае  зьмесьціва заплечніка. Людзі ходзяць вакол сцэны. Пачынаецца мітынг, выступоўцы кажуць традыцыйныя словы. Янукевіч заявіў, што трэба адстойваць незалежнасьць краіны. Анатоль Лябедзька – пра тое, што скралі выбары.

Зусім маладыя хлопец і дзьве дзяўчынкі загарнуліся ва ўкраінскія сьцягі. Яны з Валыні. 19-гадовая Юля кажа, што проста прыехалі паглядзець на Беларусь:

«Мы проста гулялі, прыехалі паглядзець краіну. Але мы ведаем, што значыць 25 сакавіка для звычайнага беларуса, таму прыйшлі іх падтрымаць. Нам нацыянальная ідэя блізкая, бо мы ва Ўкраіне нацыяналісты».

Ужо пасьля шэсьця зьяўляюцца паведамленьні, што траіх грамадзянаў Украіны затрымалі і адвезьлі ў Савецкі РУУС. Даведацца, хто яны, не ўдалося.

Маладыя людзі зьбіліся ў купку, сьпяваюць і танчаць. Сымбаль Дня Волі – нязломная Ніна Багінская стаіць у цэнтры плошчы зь бел-чырвона-белым сьцягам, які пашыла сваімі рукамі.

«Радуюся, што я і мой народ дажыў да 95-х угодкаў БНР, што Лукашэнку не ўдалося струшчыць нашую супольнасьць. Але ўсё роўна мы ідзем са сьцягамі. Але сумна, што нашая ўлада дагэтуль забараняе выкарыстоўваць нашую нацыянальную сымболіку».

На пачатку шэсьця ў калёне было шмат дзетак, але на Бангалоры бачу толькі аднаго. Гэта Дзіма. На пытаньне, колькі яму гадоў, кажа – шэсьць. Я ў гэта ня веру, але ладна: беларускі хлопец можа накінуць сабе пару гадоў, каб трапіць на нацыянальнае сьвята. У руках у таты Валеры белы шарык з выявай «Стоплука». Падчас нашай размовы старая фронтаўка Алена Кандрашэвіч просіць у таты Валеры гэты шарык. Згаладалыя да вострых момантаў фатографы накідваюцца на бабулю з фотаапаратамі.

Шэсьце сканчаецца, людзі хутка разыходзяцца. Юрась Губарэвіч акцыяй задаволены:

«Нягледзячы на вельмі складаныя ўмовы надвор’я, мароз і моцны вецер, людзі прыйшлі на мерапрыемства. Была процьма нацыянальнай сымболікі, гэта значыць, што людзі не баяцца выказваць сваё стаўленьне да нацыянальнага сьвята».

Губарэвіч кажа, што міліцыя пакуль прэтэнзіяў да арганізатараў не выстаўляла. Але зь перамоваў па рацыі вядома, што будуць затрымліваць тых, хто нёс партрэты палітвязьняў і меў сымболіку. Сапраўды, пасьля акцыі пачаліся затрыманьні – цяпер вядома, што затрымана каля дзесяці чалавек.

Агулам, уражаньне, што ад гэтага сьвята кожны атрымаў, што хацеў: моладзь і дзеці – сьвята, палітыкі – магчымасьць выказацца, вэтэраны нацыянальнага руху – пешую прагулку, міліцыя – выканала плян па затрыманьнях. З Днём Волі вас!

Радыё Свабода, 24 сакавіка 2103
 
Дата публикации:24.03.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1720
 
Ключевые слова:
Дзень Волі Оппозиция Мінск Белорусская народная республика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме