https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


GENІUS крочыць


Марк Шагал. "Закаханыя. Прагулка" (1917—1918) Віцебск, абсалютнае паразуменне двух чалавек. Рэпрадукцыю гэтай карціны ў павялічаным маштабе можна будзе пабачыць на плошчы Якуба Коласа. Уявіце, які палёт!
7 чэрвеня на плошчы Якуба Коласа ў Мінску адбудзецца грандыёзнае пераўвасабленне гарадской прасторы — проста на вуліцы з`явіцца 9 стэндаў памерам 3 на 2 метры з рэпрадукцыямі 19 карцін Марка Шагала.
Абсалютны чэмпіён па палётах у мастацтве Марк Шагал ідзе да людзей

На працягу трох месяцаў сталіца Беларусі будзе перманентна прасякнутая творчасцю мастака, які нарадзіўся ў Віцебску, з`яўляўся грамадзянінам Францыі і назаўсёды стаў гонарам Беларусі. Таму што сёлета сусветная грамадскасць адзначае 125-годдзе Марка Шагала.

Праект гарадскога святкавання ўгодкаў Шагала "Мастак і горад" распрацоўваўся без малога два гады. І нарэшце мусіць "выстраліць" у будучы чацвер цэлым феерверкам найцікавейшых мерапрыемстваў. Акрамя прэзентацыі творчасці Шагала па-за сценамі музея — яшчэ адкрыццё дзіцячай арт-галерэі і арганізацыя дзіцячага пленэра, падвядзенне вынікаў конкурсу "Мастак па-за часам" і выстава работ пераможцаў, прэзентацыя спектакля "Ангел шагал над крышами" паводле аўтабіяграфічнай кнігі Марка Шагала "Маё жыццё". Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Міжнароднага сацыяльна-эканамічнага фонду "Ідэя", амбасады Францыі ў Рэспубліцы Беларусь і фінансавай падтрымцы генеральнага партнёра банка "БелВЭБ".

Мастацтва на прагулцы

Здаецца, мастацтва ўжо неаднаразова выходзіла на вуліцы. Прынамсі, у гісторыі сусветнага мастацтва гэта адбывалася вельмі часта, і сёння гэта распаўсюджаная форма прэзентацыі арт-праектаў. Тым не менш, для Беларусі такая форма зусім новая, нягледзячы нават на тое, што вулічныя дэманстрацыі выяўленчага мастацтва адбываліся ў Мінску. Згадайма, напрыклад, леташнюю выставу польскага плаката таксама на плошчы Якуба Коласа, у рамках фестывалю графічнага дызайну.

— Сам фармат, калі мастацтва выходзіць за сцены музея, для нас досыць новы, — распавядае Наталля Шаранговіч, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. — Калі летась пры дапамозе ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама і Польскага інстытута мы правялі выставу беларуска-польскага плаката на плошчы Якуба Коласа, стала зразумела, наколькі змянілася свядомасць людзей, наколькі ў іх змянілася разуменне мастацтва як такога. Тое, што будзе адбывацца сёлета, гэты знакавы праект, прысвечаны Шагалу, мне здаецца, таксама зменіць свядомасць гараджан. У людзей будзе магчымасць пабачыць творы ў павялічаным маштабе. Але ад гэтага яны, магчыма, будуць глядзецца нават больш эфектна. Гэта вулічны маштаб, маштаб мастацтва публічнай прасторы. Гэта тое, што дапаможа любому чалавеку, які прыйшоў на плошчу, немінуча заўважыць Шагала. Падысці, паглядзець, прачытаць тое, што будзе напісана на стэндах. Таму што акрамя рэпрадукцый, на стэндзе будзе змешчана апісанне да кожнай карціны — гэта дапаможа любому чалавеку, які, можа, дакладна не ведае, хто такі Шагал, паглыбіцца ў свет мастака. Праект будзе пазіцыянаваць Марка Шагала як мастака з Беларусі. Ён усё жыццё ўзгадваў Віцебск. І ён, безумоўна, застаецца ў кантэксце беларускай культуры.

Што тычыцца карцін, то слайды для вырабу якасных рэпрадукцый (такіх вялікіх, каб заўважыў кожны!) прадаставілі тры музеі: Дзяржаўны Рускі музей (Санкт-Пецярбург), Дзяржаўная Траццякоўская галерэя (Масква) і Музей Марка Шагала ў Віцебску. Менавіта такая падборка карцін Шагала абумоўлена не ў апошнюю чаргу рознымі тэхнічнымі і часавымі акалічнасцямі. Вядома, можна было замовіць слайды карцін у музеіях усяго свету і зрабіць поўную рэтраспектыву творчасці мастака, на якой былі б прадстаўлены творы ўсіх перыядаў. Але... не гэта было галоўнай задачай сёлета. Галоўнае — вывесці мастацтва на прагулку і павярнуць Шагала тварам да ўсіх беларусаў. А паколькі ў згаданых музеях захоўваюцца карціны Шагала пераважна віцебскага перыяду, то і ў Мінску з`явіцца тое, што мастак напісаў да свайго ад`езду ў Францыю — да 1922 года.

Сярод іншых культавыя карціны Шагала, якія праславілі родныя мясціны мастака на ўвесь свет: "Прагулка" (1917—1918), "Над горадам" (1914—1918), "Дом у Лёзна" (1914), "У цырульні" (1914).

Шагалаўскі фармат

На першы погляд, ідэя з павелічэннем маштабу карцін Шагала і экспазіцыяй іх на вуліцы выглядае як нешта неверагодна экстрэмальнае. Некаторым, магчыма, здаецца нават здзекам з мастацтва жывапісу. Мы прывыклі, што карціны, напісаныя алеем, вісяць у дарагіх рамках на сценах прэстыжных музеяў і мусяць разглядацца ў ідэальнай цішыні, якую ахоўваюць музейныя наглядчыцы. Мы прывыклі. Але ў свеце мастацтва ўжо даўно стала бліжэй да людзей. Цяпер і беларусы будуць гуляць па плошчы Якуба Коласа і пад гучныя ўрбаністычныя гукі знаёміцца з поўным сімвалаў і фарбаў мастацтвам Марка Шагала.

— Думаю, Марк Шагал не палічыў бы такую незвычайную форму дэманстрацыі сваіх твораў абразлівай, — пераканана мастацтвазнаўца Тамара Карандашава, якая займалася падборкай рэпрадукцый для выставы і рэдагаваннем тлумачальных тэкстаў. — Таму што гэты мастак заўжды прытрымліваўся прагрэсіўных поглядаў, з радасцю вітаў усё новае, невядомае, незразумелае. Умеў гэтым маніпуляваць і распараджацца.

Яно і праўда. Узгадайце хаця б гісторыю з яго славутай карцінай "Прагулка". Шагал планаваў упрыгожыць Віцебск гэтай карцінай на першую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён вітаў рэвалюцыю як сімвал нечага новага і лепшага, спадзяваўся, што Віцебск ператворыцца ў горад мастацтва. А дзеля гэтага мастацтва павінна выйсці на вуліцы. І Шагал вывеў бы яго да людзей, вызваліў бы з душных памяшканняў. Калі б яго падтрымалі... Але і так вядома, што ў часы Шагала і Малевіча, якія вечна канкурыравалі паміж сабой, у часы росквіту віцебскай мастацкай школы вуліцы горада былі зусім не такімі, як цяпер. Сцены будынкаў былі распісаныя маляўнічымі фігурамі, па горадзе хадзіў такі ж самы размаляваны трамвай. Так што мастацтва і горад, жывапіс на вуліцах — гэта цалкам шагалаўскі фармат. А за тым, каб якасць рэпрадукцый карцін Шагала была на самым высокім узроўні, куратары праекта "Мастак і горад" абяцаюць пільна прасачыць.

Вулічны фармат выставы дыктуе свае правілы. І калі мастацтва само ідзе да людзей, то яно павінна быць гатова сустрэцца з неспрактыкаванымі, не самымі дасведчанымі гледачамі. А таму — умець пастаяць за сябе. Праект "Мастак і горад" будзе не толькі паказваць, але і адукоўваць. Лёгкае адценне асветніцкай акцыі нададуць гэтаму праекту тлумачальныя тэксты пад кожнай з 19-ці рэпрадукцый. Тэксты ўвядуць у курс справы — растлумачаць, чаму менавіта гэта карціна патрапіла ў праект і што хаваецца за сімваламі і метафарамі, якія скарыстаў Марк Шагал. Чым больш ведаеш, тым багацейшым становішся.

Ландышы прыляцелі!


Уся творчасць Марка Шагала аўтабіяграфічная. Ён быў дакладны ва ўсім, прагны да дэталяў. Па яго карцінах можна падрабязна ўявіць тагачасны Віцебск — тапаграфічная выверанасць карцін захапляе! Спаса-Праабражэнская царква (так-так, тая самая, з маленькім зялёным купалам!) прысутнічае, бадай, на ўсіх яго карцінах. Па іх нават можна ўзнавіць, дзе знаходзіўся мастак у момант, калі пісаў.

З усімі працамі, рэпрадукцыі якіх будуць дэманстравацца на плошчы Якуба Коласа, звязана шмат легендаў і цікавых гісторый. Адну з іх расказала Тамара Карандашава:

— Карціна "Ландышы" напісана ў 1916 годзе, калі ў Бэлы і Марка нарадзілася дачка Іда. У 1970-х гг. у Маскве, калі на нейкай выставе экспанавалася гэтая карціна, Шагал, які прысутнічаў на адкрыцці выставы, амаль расплакаўся. Ён узгадаў, што пісаў гэтыя ландышы з букета, які падарыў Бэле на нараджэнне дачкі. Гэтую гісторыю расказвалі відавочцы. Верагодна, што ўсё было зусім не так. Але нарадзілася такая прыгожая паэтычная легенда.

Сапраўды, атрымліваецца, што гэта не проста ландышы, а... тыя самыя ландышы! Што ў кантэксце выяўленчага мастацтва прымушае зусім па-іншаму загучаць карціну, якую вы, магчыма, бачылі не адзін дзясятак разоў у Траццякоўцы або ў альбомах па мастацтве.

Такіх фактаў на выставе "Мастак і горад" вы зможаце адкрыць для сябе шмат. І вельмі верагодна, што ўстойлівае словазлучэнне genіus locі (геній месца) загучыць для вас абсалютна па-новаму. Бо віцебскі мастак Марк Шагал — абсалютны чэмпіён у гэтым званні.

Вольга Чайкоўская
Звязда, 2 чэрвеня 2012
 
Дата публикации:02.06.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3555
 
Ключевые слова:
Марк Шагал Віцебск Искусство Выставка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме