https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ігар Случак: Беларуская мова стала палітычным маркерам


Грамадзянская ініцыятыва «Справаводзтва па-беларуску» распачала новую кампанію папулярызацыі беларускай мовы ў галіне абслугоўваньня і рэклямы — «Тут абслугоўваюць і па-беларуску». Яны прапануюць вешаць налепкі на месцы, дзе кліентаў абслугоўваюць на беларускай мове.
Ігар Случак — лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» — у гасьцях «Начной Свабоды» з Аляксеем Знаткевічам:
_______________________________

Случак: Ідэю мне падказаў сябра. Ён жыве у Квэбэку. І там выкарыстоўваюць падобныя налепкі. Адрозьненьне ў тым, што ў нас — лягатып кампаніі, а там — лілея, сымбаль Квэбэку. Калі яго ўбачыш, ведаеш, што тут абслугоўваюць па-француску.

Чалавек бачыць налепку, ведае, што яго зразумеюць. І ён бяз комплексаў спакойна прыходзіць і размаўляе на сваёй мове. Так ствараецца беларуская прастора. Калі будзе хоць дзесяць такіх налепак, людзі будуць бачыць, што мова жыве, як усе іншыя мовы. Бывае, сам прыходжу, пытаюся па-расейску, а мне адказваюць па-беларуску, тады становіцца сорамна, што сам першы не пачаў. А калі пабачу налепку, то сам пачну першы.

Знаткевіч: У дзяржаўныя ўстановы будзеце зьвяртацца?

Случак: Мы не падзяляем на дзяржаўныя ці прыватныя. Мы зьвярталіся ў «Белсаюздрук», але ім трэба дазвол начальства. Нашая мэта ня проста заляпіць горад налепкамі, а дамовіцца. Каб усё было афіцыйна, каб людзі хацелі яе павесіць. І каб маглі рабіць тое, што на налепцы напісана — абслугоўваць па-беларуску. Нашмат прасьцей дамаўляцца з прыватнымі.

Знаткевіч: Ці ўзьнікалі складанасьці і неразуменьне з боку тых, каго вы хацелі заахвоціць?

Случак: На жаль, беларуская мова стала палітычным маркерам. Размаўляць па-беларуску ў нас значыць адносіцца да таго ці да іншага палітычнага лягеру. Складанасьці ёсьць. Пакрысе, як з тым законам «Аб зваротах грамадзянаў», мы дзяўблі, і яго прынялі. І цяпер усе чыноўнікі паставілі беларускую раскладку, даюць беларускія адказы. Цяпер беларускамоўны можа спакойна напісаць любую паперу па-беларуску, і па-беларуску атрымаць адказ. Норма.

Праблема, што ў нас моўныя правы заканадаўча не замацаваныя. Калі б сапраўды існавала дзьвюхмоўе, была б іншая сытуацыя. Трэба заканадаўча замацоўваць роўнасьць моваў.

Знаткевіч: Вы зьбіраецеся удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах? Чаму? Можа, няварта мяшаць мову і палітыку?

Случак: Я думаю, трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб размаўляць аб праблеме. Ня толькі размаўляць, але і неяк вырашаць. Каб паказаць, што беларуская мова цікавая, і ёй можна карыстацца ва ўсіх сфэрах жыцьця. Так, мова палітызаваная. Але цяпер яна больш становіцца менавіта мовай. Чаму? У нас шмат кампаніяў, якія папулярызуюць беларускую мову. Тая самая «Будзьма». Шмат людзей, ад якіх я не чакаў, пачынаюць размаўляць па-беларуску. Яны выкарыстоўваюць мову не як палітыку, а як культуру, як нешта асабістае.

Знаткевіч: Шмат хто кажа, што няма сэнсу браць удзел у выбарах...

Случак: Тыя патрабаваньні, якія выстаўляюць нашыя лідэры, слушныя. Напрыклад, вызваленьне палітвязьняў. Але браць уладу за горла і казаць, каб палітвязьняў рэабілітавалі, гэта ўжо яны перагібаюць палку. Яны яшчэ кажуць, каб ва ўсіх камісіях былі прадстаўнікі партыяў. Але ў Беларусі вялікая колькасьць камісіяў. У нас няма столькі людзей, каб паставіць іх на кожны участак. І навошта выстаўляць такія патрабаваньні, што нават пры жаданьні ўладаў мы ня зможам іх выкарыстаць?

Знаткевіч: Дык навошта балятавацца? Ці вы верыце, што можаце прайсьці?

Случак: Галоўнае, выбары — гэта магчымасьць размаўляць з выбарцамі аб праблемах. Будзе час на радыё, тэлебачаньні, нават у газэтах можна будзе надрукавацца. Нават пры самых сумленных выбарах ісьці з моўным пытаньнем ў Гомелі, самым русыфікаваным рэгіёне, гэта ўжо цяжка. Але я лічу, трэба ісьці.

Па апытаньнях беларусы не падтрымліваюць ідэю байкоту. Беларусы, 50-52% вераць, што ўсё павінна адбывацца праз парлямэнцкія выбары. Людзям прасьцей успрымаць чалавека, які ім хоча нешта распавесьці праз афіцыйныя сродкі. Падтрымка ўладаў невялікая, але і падтрымка апазыцыі невялікая. Трэба крыху апусьціцца да ўзроўню людзей і казаць тое, што яны хочуць, і так, як яны хочуць. Усё ж такі нельга адрывацца ад людзей. Я проста хачу, каб людзі разумелі, што я хачу данесьці.

Радыё Свабода
30 красавіка 2012
 
Дата публикации:30.04.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3107
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Делопроизводство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме