https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка пра работу палярнікаў у Антарктыдзе: усе гэтыя мерапрыемствы нам патрэбны для справы ў краіне


Прэзідэнт Беларусі ў самым пачатку сустрэчы з навукоўцамі і палярнікамі задаў практыка-арыентаваны тон адносна навуковых даследаванняў і работы ў Антарктыдзе.
"Нам патрэбны ўсе гэтыя мерапрыемствы для справы ў краіне. На што ў бліжэйшы час мы можам разлічваць у практычнай плоскасці?" - зрабіў галоўны акцэнт беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы цікавіўся таксама магчымасцю камерцыялізацыі прадстаўленых тэхнічных распрацовак.

Аляксей Гайдашоў, намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў і начальнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый, далажыў, што ва ўнікальных умовах Антарктыды выпрабоўваюцца складаныя прыборы, многія з якіх лепшыя за замежныя аналагі, а некаторыя наогул не маюць аналагаў у свеце.

Кіраўніку дзяржавы прадставілі комплекс для рэгістрацыі геафізічных сігналаў, спектрометр MARS-B, пагружны фатометр, сонечны спектральны альбедометр, комплекс мабільных метэаралагічных станцый, пагружны батыскаф, кампанентную базу лідара і іншую тэхніку.

Увазе Аляксандра Лукашэнкі таксама прадставілі мінералы і кампаненты прыроднага асяроддзя Антарктыкі, узоры флоры і фаўны і іншыя экспанаты па тэматыцы палярных даследаванняў.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы яшчэ раз падкрэсліў, што пажадана, каб рэзультатам работы ў Антарктыдзе былі не толькі фундаментальныя даследаванні, але і практычныя вынікі.

"Канкрэтныя павінны быць вынікі. Мы не амерыканцы і нават не расіяне, у якіх велізарныя запасы фінансавых рэсурсаў. Яны могуць фінансаваць і на 100 гадоў наперад аддаленую перспектыву. Можа, і нам па якіх-небудзь напрамках трэба на гэта глядзець, не хачу быць у вашых вачах рэтраградам, - сказаў ён. - Сёння патрэбны вынік. На гэта расходуюцца вялікія грошы, мы адцягваем людскія рэсурсы. Павінна быць дынаміка. Я вам па-народнаму скажу: ваш вынік мы павінны рукамі памацаць. А не тое, што мы будзем разважаць і самі сябе захвальваць".

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якая мара ў беларускіх палярнікаў, але менавіта з дзяржаўных пазіцый. У адказе на гэта пытанне начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Уладзімір Рыжыкаў адзначыў, што беларуская станцыя і геаграфія даследаванняў - гэта зона навуковых інтарэсаў краіны, і вынікі навуковых напрацовак ужо ў тым ліку выкарыстоўваюцца ў фармацэўтыцы, мікрабіялогіі. Апошнім часам на кантыненце набірае папулярнасць антарктычны турызм, і гэта ўжо дзясяткі тысяч чалавек, што прыносіць дывідэнды тым дзяржавам, якія гэтым займаюцца. Беларусь пакуль не ўдзельнічае ў такой дзейнасці, але разглядае гэты напрамак як адзін з перспектыўных.

Акрамя таго, не выключана, што ў будучым паміж сусветнымі ігракамі можа разгарнуцца сур`ёзная барацьба за кантынент, і ў гэтым у тым ліку важна будзе бачыць і беларускія інтарэсы.

У цэлым жа работу беларускіх палярнікаў пакуль у большай ступені разглядаюць як дывідэнды ў будучыню, каб быць у трэндзе сусветных навуковых даследаванняў і падтрымліваць пэўны імідж Беларусі ў свеце.

Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане адзначыў, што аналагічным іміджавым праектам у свой час было і развіццё касмічнай сферы. Але ў Беларусі ёсць буйныя прадпрыемствы, якія працуюць, напрыклад, над стварэннем штучных спадарожнікаў Зямлі. "Таму я думаў пра космас - іміджавы праект. Але я разумеў, што ў мяне ёсць гэтыя прадпрыемствы, якія павінны практычна працаваць, там людзі павінны быць занятыя", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Тое ж самае датычыцца і будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі, што акрамя іміджу прынесла яшчэ і практычную карысць.

Гэта значыць, дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць работу палярнікаў, але Прэзідэнт падкрэслівае, што не павінна быць нейкага шапказакідальніцтва. І важна, каб "фундаменталізм перарос у нейкі практыцызм". "Я не пакутую на нейкую гігантаманію, але, калі мы ўжо туды прыйшлі, значыць, павінна быць для краіны бачна, што мы там нешта атрымаем. І пажадана ў нашым жыцці. Так, трэба ў будучыню глядзець. Я заўсёды пра гэта гавару. Але будучыня добра, калі яна заземлена на сапраўднае жыццё. І на гэта я хачу вас арыентаваць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я ў большай ступені гавару тое, што я павінен сказаць Акадэміі навук і нашым вучоным. Без вучоных мы далей рухацца не можам. Але нашы вучоныя ў большасці сваёй закасцянелі".

На сустрэчы ў пазітыўным ключы было адзначана і супрацоўніцтва беларускіх палярнікаў з калегамі з Расіі. "Дзякуй ім. Вы, напэўна, адчуваеце гэту сапраўды брацкую руку", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з хуткім пачаткам 17-й антарктычнай экспедыцыі пацікавіўся ў Аляксея Гайдашова, ці патрэбна для палярнікаў нешта яшчэ, ці ёсць усё неабходнае. "Вы не павінны быць горшыя за амерыканцаў там. І пры першай жа магчымасці, калі ў мяне будзе такая магчымасць, я з вялікім задавальненнем там пабуду. Я з задавальненнем там пабываў бы. Калі расказваюць - гэта адно", - сказаў Прэзідэнт.

"Добра, што вы адчуваеце сябе ў бяспецы, вашы родныя і блізкія. Гэта мой клопат і праца. Мой, урада, вертыкалі ўлады. Мы гэта будзем рабіць. Для таго, каб вы спакойна там на навуковым і мірным фронце ваявалі. Але я вас прашу, каб вы ўсё ж былі сапраўднымі вучонымі. Зрабіў крок, здабыў нешта - дзе вынік? Па-сапраўднаму", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў вучоным і палярнікам за работу і заклікаў не крыўдзіцца на строгі тон: "Вы ведаеце, у якой сітуацыі мы жывём. Хоць вы і далёка бываеце ад нас у сезон, але вы ведаеце, якая сітуацыя ў краіне і што сёння няпроста. Таму вось гэтыя развагі, перакананні, што заўтра мы нешта дадзім... Сёння трэба! Ад вас - заўтра. Паслязаўтра будзе позна. Таму спыняць трэба пустыя размовы. Павінны быць дзеянні! Дзеянні, дзеянні, дзеянні!"

Па рашэнні Прэзідэнта з 2006 года Беларусь далучылася да Дагавора аб Антарктыцы і прымае актыўны ўдзел у даследаваннях гэтага рэгіёна. У Антарктыдзе размешчана каля 70 навуковых станцый 30 дзяржаў, у тым ліку беларуская антарктычная станцыя "Гара Вячэрняя". З 2006 года праведзена 16 беларускіх антарктычных экспедыцый, у якіх прыняў удзел 51 айчынны вучоны і спецыяліст, у тым ліку 22 чалавекі - два і больш разоў.

Навуковыя вынікі, атрыманыя ў Антарктыдзе, з`яўляюцца ўнікальнымі і маюць фундаментальнае значэнне, паколькі глабальныя працэсы, якія адбываюцца на гэтым кантыненце, шмат у чым адлюстроўваюць дынаміку змянення клімату планеты і ўплываюць на захаванне біяразнастайнасці.

17 кастрычніка 2024, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:17.10.2024
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:19
 
Ключевые слова:
Антарктида Белорусская полярная станция Исследования
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме