"Міністэрствам эканомікі ўнесены на разгляд праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі на перыяд да 2040 года, як гэтага патрабуе заканадаўства. Работа над гэтым дакументам вялася з 2023 года. Для гэтых мэт была сфарміравана міжведамасная рабочая група. Прадстаўленая да разгляду стратэгія будзе служыць базісам для праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на чарговы пяцігадовы перыяд, канцэпцыя якой будзе разгледжана крыху пазней, папярэдне ў красавіку", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Ён таксама расказаў, што з сябе ўяўляе праект стратэгіі. "Ён вызначае напрамкі развіцця краіны на 15-гадовым гарызонце і кропкі канцэнтрацыі рэсурсаў для дасягнення намечаных мэт. Гэты дакумент павінен адначасова забяспечваць нацыянальную бяспеку дзяржавы і ствараць умовы для ўстойлівага развіцця і дасягнення высокіх стандартаў жыцця насельніцтва. З гэтых пазіцый прапаную і ацэньваць гэты дакумент", - абазначыў прэм`ер-міністр.
Ён адзначыў, што свет сёння ідзе па шляху дэглабалізацыі і гандлёвых войнаў, рынкі закрываюцца. Дамінуючай стратэгіяй становіцца пратэкцыянізм. Ствараюцца новыя блокі, якія актыўна фарміруюць свае стандарты і правілы, укараняюць асновы для развіцця ўласных тэхналогій.
"Улічваючы структуру нашай эканомікі, становіцца відавочным, што для нас ключавым з`яўляецца паскоранае развіццё сферы інавацый, укараненне лічбавых тэхналогій ва ўсе сферы жыццядзейнасці дзяржавы. Таму што адказваць на глабальныя выклікі (ужо існуючыя і тыя, якія ўзнікнуць у бліжэйшы час) традыцыйнымі мерамі ўжо не вельмі атрымліваецца. Па сутнасці, патрабуецца комплексная трансфармацыя не толькі эканомікі, але і мыслення, якое грунтуецца на выкарыстанні мадэлей кіравання вялікімі данымі, штучным інтэлектам, нейрасеткамі, адытыўных тэхналогій і гэтак далей. Адпаведна, патрабуецца і перагляд падыходаў да падрыхтоўкі кадраў для новай эканомікі. У сувязі з гэтым хацелася б асобна пачуць, якія доўгатэрміновыя падыходы да фарміравання інтэлектуальнай эканомікі закладзены ў праекце стратэгіі. Ці дастатковыя яны для таго, каб выйсці на неабходны ўзровень канкурэнтаздольнасці і забяспечыць устойлівае і якаснае развіццё?" - задаў пытанне кіраўнік беларускага ўрада.
Паводле яго слоў, ёсць і іншыя напрамкі работы, якія знаходзяцца ў парадку дня, маюць глабальнае значэнне і патрабуюць да сябе пільнай увагі. "Яны не новыя. Гэта пытанні дэмаграфіі, экалогіі і балансу рэсурсаў. Як мы будзем стабілізаваць колькасць насельніцтва, забяспечваць устойлівае дэмаграфічнае развіццё? Якія меры будуць прыняты для рэалізацыі канцэпцыі актыўнага даўгалецця і развіцця так званай сярэбранай эканомікі? Гэта значыць эканомікі, арыентаванай на пэўную долю пажылых людзей у грамадстве. Мэтавымі арыенцірамі ў экалагічнай сферы павінны стаць штодзённае ўкараненне прынцыпаў цыркулярнай эканомікі і развіццё зялёнай інфраструктуры", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.
У праектах праграмы і стратэгіі прыведзены індыкатары, якіх плануецца дасягнуць да 2040 года. "Лічбы даволі амбіцыйныя - рост валавога ўнутранага прадукту, інвестыцый і экспарту практычна ў два разы, долі лічбавай эканомікі - у тры разы, долі высокатэхналагічных вытворчасцей - да 50 працэнтаў, працягласці жыцця - да 80,5 гадоў", - пералічыў прэм`ер-міністр.
"Таму хацелася б пачуць, як будзе арганізавана работа па дасягненні гэтых мэт і задач. Ці хопіць, паводле вашай ацэнкі, на гэта рэсурсаў як чалавечых, так і тэхналагічных і фінансавых? Ці гатова вертыкаль да іх рэалізацыі і наколькі сістэмна ў гэту работу ўключаны рэгіёны і дзяржорганы? Вельмі важна, каб гэта стратэгія стала сапраўды рабочым дакументам і інструкцыяй да дзеяння для кожнага кіраўніка на ўсіх узроўнях", - рэзюмаваў кіраўнік беларускага ўрада.
5 лютага 2025, Мінск
БЕЛТА
5 лютага 2025, Мінск
БЕЛТА