Як распавялі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, шлях да знаходкі быў няблізкі: пачалося ўсё з таго, што мужчына адправіўся на браканьерскае паляванне і ў ваколіцах сваёй вёскі падстрэліў зайца. Стрэлы ў ночы прыцягнулі ўвагу рэйдавай групы інспектараў — парушальніка затрымалі на месцы злачынства ўжо дома.
Акрамя свежай тушы зайца (паляванне на яго да кастрычніка забаронена), у доме вяскоўца выявілі яшчэ каля 50 кілаграмаў замарожанага мяса казулі, зараз высвятляюцца абставіны яго з’яўлення. Уладальніку было прапанавана добраахвотна здаць незаконныя прылады палявання або лоўлі рыбы, калі такія маюцца. Мужчына адказаў адмовай. Аднак у ходзе агляду ў дапаможным памяшканні была знойдзена незарэгістраваная стрэльба.
Пасля першай знаходкі інспектары зноў звярнуліся да гаспадара дома з прапановай аб добраахвотнай выдачы забароненых прылад. Складана меркаваць аб матывацыі падазраванага, але мужчына і на гэты раз не скарыстаўся законным шанцам пазбегнуць адказнасці — растлумачыў, што такіх больш не мае. Пры далейшым аглядзе дома праваахоўнікі знайшлі ў каморы яшчэ дзве гладкаствольныя стрэльбы і малакаліберную вінтоўку. Уся гэта зброя таксама не была зарэгістравана. Выявілі і рознага роду патроны.
Зараз браканьеру пагражаюць штрафы за паляванне без дазволу, нелегальнае захоўванне гладкаствольнай зброі і некалькіх сетных прылад лоўлі рыбы, якія, акрамя іншага, таксама знайшлі ў яго доме. А незаконныя дзеянні з наразной зброяй і боепрыпасамі абярнуцца крымінальным пераследам. Амаль з упэўненасцю можна сказаць, што парушальнік пазбавіцца і свайго статусу паляўнічага — яго дзяжпасведчанне і зарэгістраваную стрэльбу таксама канфіскавалі, паведамілі ў Дзяржінспекцыі.
Яшчэ адзін нелегальны ствол канфіскавалі разам з міліцыяй інспектары Браслаўскай міжрайінспекцыі. Група выехала для разгляду па скарзе жыхароў вёскі Подрукша. Тыя паведамілі, што іх буйны сусед толькі што страляў са стрэльбы прама на тэрыторыі населенага пункта. Па словах нецвярозага ўладальніка зброі, ён хацеў адпужнуць людзей на аўтамабілі, якія спыніліся побач з яго домам.
Раней мужчына быў паляўнічым. Ці займаўся ён браканьерствам — невядома, але, акрамя стрэльбы, у яго доме таксама знайшлі патроны да гладкаствольнай і наразной зброі, порах, рыбалоўныя сеткі і элементы электралавільнай прылады. Дзеянням парушальніка ў бліжэйшы час будзе дадзена прававая ацэнка.
Дзяржінспекцыя нагадвае: калі вы маеце інфармацыю пра факты браканьерства або незаконнага захоўвання зброі і сетак — тэлефануйце на наш тэлефон даверу па нумары 8 017 39 00 000. Не варта пакрываць браканьера ці трываць побач з сабой буйнага ўзброенага суседа. Тым больш, што ў іх заўсёды ёсць шанец добраахвотна і без наступстваў пазбавіцца ад небяспечнага арсенала.
Сяргей Расолька
Звязда, 1 верасня 2020
Сяргей Расолька
Звязда, 1 верасня 2020