"Следчыя органы ўзбудзілі больш за 90 крымінальных спраў. Прававая ацэнка будзе дадзена ўсім проціпраўным дзеянням", - сказана ў паведамленні.
Спачатку, у ноч з 9 на 10 жніўня, у выніку сутыкненняў пацярпелі больш за 50 грамадзян, а таксама 39 супрацоўнікаў міліцыі, за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах былі затрыманы амаль 3 тыс. чалавек.
Наступнай ноччу таксама былі зафіксаваны факты адкрытага процістаяння органам правапарадку, шматлікія нападзенні на супрацоўнікаў міліцыі і пашкоджанні транспартных сродкаў. "Сярод затрыманых - сотні раней судзімых па розных артыкулах - ад маёмасных злачынстваў да забойстваў", - адзначылі ў МУС.
У ноч з 11 на 12 жніўня ў сталіцы і вялікіх гарадах былі спробы перакрыцця руху грамадскага транспарту, факты адкрытага процістаяння органам парадку. У Брэсце на міліцыянераў напала група людзей з арматурай у руках. Папераджальныя выстралы ўверх іх не спынілі. Для аховы свайго жыцця і здароўя супрацоўнікі стралялі на паражэнне. Адзін з нападаючых паранены. У Жабінцы невядомы кінуў бутэльку з запальнай сумессю ў службовую машыну - пад аўтамабілем загарэлася тратуарная плітка. У Жодзіне вадзіцель "Нісана" наехаў на ваеннаслужачага.
З 12 на 13 жніўня беспарадкі па краіне страцілі масавасць. Але выпадкі агрэсіі ў адносінах да праваахоўнікаў назіраліся. У Мінску і ў Баранавічах зноў былі ўчынены наўмысныя наезды аўтамабілямі на супрацоўнікаў міліцыі. Каб спыніць парушальнікаў, выкарыстоўвалася зброя. Усяго ж за гэтыя чатыры дні на праваахоўнікаў было ўчынена 11 наўмысных наездаў.