https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


РНК каранавіруса пацверджана ў Беларусі ў 27 чалавек. 224 ізаляваны


Пра гэта расказала начальніца галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан.
РНК каранавіруса ў Беларусі выяўлена ў 27 чалавек, першыя трое выпісаныя. Шпіталізаваны 224 чалавекі як кантакты першага ўзроўню з захварэўшымі на каранавірус. 

Медыкі яшчэ раз заклікалі ўсіх, хто вяртаецца з-за мяжы, не хаваць інфармацыю аб краінах, якія наведвалі.

– Адзін з захварэлых не прызнаўся, што наведваў эпідэміялагічна неспрыяльны раён (Паўночную Італію). Пры з’яўленні сімптомаў захворвання ён не выклікаў хуткую дапамогу, а працягваў наведваць родных, сяброў, дні нараджэння, спартыўныя мерапрыемствы. У выніку пры выяўленні кантактаў першага ўзроўню мы шпіталізавалі 91 чалавека. Уявіце, якія рэсурсы патрачаны, – адзначыла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. – Яго сын наведваў заняткі ў БДУ, кантактаваў з аднагрупнікамі – і таксама быў носьбітам каранавіруса.

Алена Богдан праінфармавала, што цяпер у Беларусі назіраецца сезонны пад’ём захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі. Разам з тым, колькасць цяжкіх пнеўманій за апошні тыдзень знізілася.

– Калі тыдзень таму колькасць сярэднецяжкіх і цяжкіх пнеўманій складала 2020, то сёння – 2002. Мы праверылі больш за 2 тысячы апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і каля 1,5 тысячы наркозных апаратаў. На сёння ў лячэбных установах дастаткова лекавых сродкаў і сродкаў індывідуальнай аховы.

Усіх пацыентаў з сярэднецяжкімі і цяжкімі пнеўманіямі правяраюць на каранавірус. Пры гэтым спецыялісты падкрэсліваюць, што рабіць такі аналіз усім ахвотным не трэба. На наяўнасць віруса COVID-19 мэтазгодна правяраць усіх, хто вярнуўся з-за мяжы, хто мае цяжкую форму пнеўманіі, а таксама кантакты 1-га ўзроўню.

Хворых на каранавірус медработнікаў у Беларусі на сёння няма. А вось кантакты 1-га ўзроўню сярод іх ёсць.

– Медработнікі ў абавязковым парадку з высокай кратнасцю правяраюцца на каранавірус. Усе спецыялісты Мінскай інфекцыйнай бальніцы, інфекцыйных стацыянараў у рэгіёнах працуюць у акулярах, масках, пальчатках, ахоўных халатах і выконваюць усе ахоўныя меры, – падкрэсліла Алена Богдан.

Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў выказаў падчас брыфінгу меркаванне, што чакаецца далейшы рост новых выпадкаў каранавіруса.

Ён адзначыў, што многія краіны прынялі дастаткова жорсткія меры, у прыватнасці, закрылі граніцы, перапынілі навучанне ў школах і ўніверсітэтах.

– Кожная краіна прымае рашэнне ў залежнасці ад эпідсітуацыі ў самой краіне і магчымасці справіцца з успышкай інфекцыі. Не ўсюды, у адрозненні ад Беларусі, захавалася служба санітарна-эпідэміялагічнага нагляду. У Беларусі мы таксама не можам выключыць далейшы рост новых выпадкаў, – падкрэсліў эксперт.

Пры гэтым Батыр Бердыклычаў звярнуў увагу на тое, што у Беларусі няма выпадкаў бескантрольнай перадачы каранавіруса. Усе яны выяўлены і пацыенты ізаляваны.

– Тыя меры, якія прымаюцца ў Беларусі, з’яўляюцца дастатковымі, – рэзюмаваў ён.

Закрываць школы і ўніверсітэты ў краіне пакуль не плануецца.

– Як паказвае замежная практыка, дзеці ў большасці сваёй не хварэюць на каранавірус, а пераносяць яго бессімптомна. Ніводнае дзіця ці падлетак у свеце ад яго не загінуў. Таму закрываць школы і ўніверсітэты мы лічым пакуль немэтазгодным, – патлумачыла Іна Карабан.

Раней БНТУ з 28 лютага пераходзіў на навучанне па індывідуальным графіку. Аўдыторныя заняткі былі адноўлены 10 сакавіка. Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала абмежаваць да 6 красавіка правядзенне шэрагу мерапрыемстваў і прапаноўвала распрацоўку алгарытму рэжыму добраахвотнай самаізаляцыі.

На сустрэчы з Прэзідэнтам 13 сакавіка міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік інфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб тым, што новая сістэма аплаты працы прадугледжвае магчымасць аператыўнага ўвядзення надбавак для медыцынскіх работнікаў, якія зараз на «перадавой» барацьбы з каранавірусам. Яны будуць істотна прастымуляваны матэрыяльна, адзначыў міністр.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 13 скавика 2020 
 
Дата публикации:13.03.2020
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:116
 
Ключевые слова:
Коронавирус Лечение в Беларуси Профилактика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме