— Мы абралі тактыку не штодзённага інфармавання насельніцтва, бо наша сістэма працуе на сваім першым узроўні і нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца, — заявіла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. — Сітуацыя спакойная і кантраляваная ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Яна адзначыла, што пацыентаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх сярод інфіцыраваных COVID-19 на сёння няма. У адзінай пацыенткі, якая была пад інтэнсіўным назіраннем, адзначаецца станоўчая дынаміка.
Паводле інфармацыі намесніка міністра, у кантактных цэнтрах краіны маецца 2 221 свабоднае месца.
— Ніякай перапоўненасці няма. Служба хуткай дапамогі працуе ў звычайным рэжыме. Мы штодзённа адсочваем сітуацыю з вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі. Ні ў адным рэгіёне павелічэння колькасці выклікаў з гэтай нагоды няма, — падкрэсліла Алена Богдан. — Мы робім усё магчымае, каб пік распаўсюджвання COVID-19 не наступіў.
На дабрачынным рахунку, які на гэтым тыдні быў адкрыты Міністэрствам аховы здароўя, зараз знаходзіцца амаль 552 тысячы рублёў і больш за 16 тысяч еўра. Сродкі плануецца накіраваць на забеспячэнне ахоўным адзеннем і іншымі сродкамі медперсаналу і стварэнне неабходнага запасу тэст-сістэм.
Намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Наталля Жукава заўважыла, што санітарна-эпідэміялагічная служба апошні месяц працуе ў напружаным рэжыме, звязаным з выяўленнем крыніц хваробы і кантактных асоб. Яна растлумачыла, што Пастанова Савета Міністраў, якая прадугледжвае для грамадзян, якія прыбываюць у краіну, двухтыднёвую самаізаляцыю, накіравана на тое, каб яны мінімізавалі свае кантакты.
— Дакумент прадугледжвае, што ўзровень самасвядомасці нашага насельніцтва дастатковы, каб кожны адказна падышоў да захавання здароўя — свайго і блізкіх. Адміністрацыйных мер, прыцягнення сілавых структур для выканання мер самаізаляцыі пакуль не патрабуецца, — адзначыла Наталля Жукава.
Яна патлумачыла, што ў рэжыме самаізаляцыі павінен знаходзіцца той чалавек, які вярнуўся з-за мяжы. Астатнім членам яго сям’і яна не патрэбна, але сачыць за зменамі свайго самаадчування ў такой сітуацыі важна, як і своечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу. Рэжым самаізаляцыі азначае знаходжанне дома. Выходзіць у магазіны, паркі, аптэкі і іншыя месцы забаронена, каб не падвяргаць патэнцыяльнай пагрозе навакольных.
У апошнія дні тэсціраванне на COVID-19 усіх грамадзян, якія перасякаюць граніцу, не адбываецца. З чым гэта звязана, Наталля Жукава патлумачыла наступным чынам:
— Усе прыбываючыя грамадзяне, калі тэрмаметрыя не выяўляе ў іх павышэння тэмпературы цела, не падлягаюць абавязковаму тэсціраванню на каранавірусную інфекцыю. Бо чалавек, які прыехаў з іншай краіны, абавязаны 14 дзён знаходзіцца ў рэжыме самаізаляцыі. Калі ўзнікаюць сімптомы, якія не выключаюць наяўнасць COVID-19,трэба звяртацца па медыцынскую дапамогу.
Спецыялісты таксама пракаментавалі выпадак з пацыенткай з Жыткавіч, пацвердзіўшы, што дыягназ COVID-19 у яе не пацвердзіўся.
— Сапраўды быў пастаўлены папярэдні дыягназ COVID-19. Тэст праводзіўся метадам ПЦР-дыягностыкі, які з’яўляецца даволі складаным, патрабуе навыкаў і вопыту. Атрыманы вынік мы пераправяраем, і ўсяго было выканана тры віды даследавання. Канчатковы вынік — адмоўны. Усе супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы мы правялі адразу, у тым ліку работу з кантактнымі асобамі. Гіпердыягностыка ў дадзеным выпадку больш апраўдана, чым недастатковае выяўленне, — патлумачыла Наталля Жукава.
Аптымальны запас лекаў і ахоўных сродкаў для медперсаналу ў краіне створаны. Як падкрэсліў начальнік аддзела рэгулявання закупак, абароту медыцынскіх вырабаў і мадэрнізацыі аб’ектаў Міністэрства аховы здароўя Юрый Дзядзян, беларуская прамысловасць задавольвае попыт у антысэптычных сродках. А каб задаволіць усе заяўкі арганізацый, тэмпы вытворчасці нарошчваюцца. На адным з прадпрыемстваў наладжана вытворчасць рэспіратараў 2-га ўзроўню аховы.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 28 сакавіка 2020
Звязда, 28 сакавіка 2020