https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Лічбы захваральнасці — як у Еўропе


Сёння па колькасці анкалагічных, гематалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў насельніцтва, што пацярпела ад катастрофы на ЧАЭС, не адрозніваецца ад астатніх беларусаў.
— Штогод усе пацярпелыя праходзяць дыспансерызацыю — 96—97 % дарослых і 100 % дзяцей. Лічбы захваральнасці не адрозніваюцца ад агульнарэспубліканскіх. Гэта сведчыць пра тое, што сістэме аховы здароўя ўдалося выканаць асноўную задачу — мінімізаваць медыцынскія наступствы аварыі, — расказвае дырэктар РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Аляксандр Ражко.

Як растлумачыў эксперт, сістэма дыспансерызацыі скіравана ў тым ліку і на выяўленне захворванняў шчытападобнай залозы.

— Паводле вынікаў 33 гадоў, якія прайшлі з моманту катастрофы, мы разумеем, што радыенукліды ёду паўплывалі на развіццё раку адной лакалізацыі — шчытападобнай залозы. І тут важна і атрыманая доза, і тое, наколькі яна паўплывала на арганізм.

Аляксандр Ражко паведаміў, што ў Дзяржаўны рэгістр асоб, якія перанеслі радыяцыйнае ўздзеянне з прычыны катастрофы на ЧАЭС, унесена 1,5 мільёна чалавек. Яны падзелены на катэгорыі. У прыватнасці, у асобных групах рызыкі знаходзяцца ліквідатары, насельніцтва, якое эвакуіравана з 30-кіламетровай зоны, дзеці і іншыя. Усе яны праходзяць абследаванні на розных узроўнях: урачэбных амбулаторыях, раённых і абласных бальніцах, РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі, дзе, дарэчы, канцэнтруюць хворых з найбольш цяжкімі паталогіямі. У прыватнасці, тут абследуюць і лечаць пацыентаў па такіх кірунках, як імуналогія, гематалогія, эндакрыналогія.

Рост колькасці раку шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў пачаўся праз некалькі гадоў пасля катастрофы. Калі за 15 гадоў да аварыі было зафіксавана ўсяго 19 хворых, то пасля аварыі на рак захварэла каля 830 дзяцей.

— Ніводнага з іх мы не згубілі. Сёння гэта дарослыя людзі, маюць свае сем`і і нарадзілі дзяцей, — расказвае Уладзімір Каранік, галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, на базе якога працуе Рэспубліканскі цэнтр пухлін шчытападобнай залозы.

Цяпер захваральнасць сярод дзяцей і падлеткаў істотна зменшылася, бо няма ўплыву радыенуклідаў. Але на дааварыйны ўзровень яна не апусцілася.

— Гэта звязана з тым, што палепшылася дыягностыка. Сёння ў дзяцей на ранняй стадыі мы выяўляем тое, што раней знаходзілі ў дарослага чалавека, калі пухліна істотна павялічвалася. Калі параўноўваць лічбы, а штогод у Беларусі выяўляецца каля 1 100 хворых на рак шчытападобнай залозы, то яны не вышэйшыя, чым у Еўропе. У год у дзяцей мы выяўляем 5-6 выпадкаў раку шчытападобнай залозы, — кажа Уладзімір Каранік.

Эксперт падкрэсліў, што ад папілярнага раку шчытападобнай залозы, прычынай якога можа служыць іанізуючае выпраменьванне, пацыенты не паміраюць. А вось ад генетычнага — медулярнага раку — выратаваць складаней. Таму ў цэнтры распрацавана праграма прэвентыўнага выдалення шчытападобнай залозы.

— Калі ў сям`і з абцяжараным анамнезам мы вызначаем генетычную паломку, гэта падстава абследаваць дзіця, бо яно мае 100-працэнтныя шанцы на рак. Калі гэту генетычную паломку выяўляем і ў дзіцяці, то выдаляем шчытападобную залозу. Самаму маленькаму пацыенту было тры гады, і калі ў выдаленай залозе мы знайшлі ўчасткі раку, якія фарміраваліся, мы зразумелі, што дзейнічаем правільна. Пацыенты з выдаленай залозай атрымліваюць гармоназамяшчальную тэрапію і могуць займацца спортам, падарожнічаць, нараджаць дзяцей і весці паўнацэннае жыццё. Час, калі раніцай трэба прыняць таблетку, надыходзіць ва ўсіх: у кагосьці ў 40 гадоў, у некага ў 60, а ў іншага — у 5 гадоў, але з гэтым можна жыць, — упэўнены Уладзімір Каранік.

Аўтар: Алена Кравец 
Звязда, 26 красавіка 2019
 
Дата публикации:26.04.2019
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:274
 
Ключевые слова:
Здравоохранение Чарнобыль Соцзащита в Беларуси Диспансеризация Онкология
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме