Палата прадстаўнікоў 19 лістапада разгледзіць у першым чытанні праект рэспубліканскага бюджэту на 2020 год. Усяго ў парадак дня ўключана 17 законапраектаў. У першым чытанні плануецца разгледзець таксама папраўкі ў законы па пытаннях кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, змянення закона аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі.
"У час пасяджэння дэпутацкі корпус разгледзіць у двух чытаннях праект закона аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2020 год", - дадалі ў прэс-службе.
Другога чытання чакаюць папраўкі ў законы аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, аб ахове працы, аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг і інш.
Акрамя таго, плануецца ратыфікаваць шэраг міжнародных дагавораў. Напрыклад, пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза ад 11 красавіка 2017 года, міжурадавае беларуска-польскае пагадненне аб будаўніцтве новага аўтадарожнага пагранічнага моста цераз Заходні Буг на пагранічным аўтадарожным пераходзе "Дамачава-Славацічы" на дзяржаўнай граніцы.
18 лістапада 2019, Мінск
БЕЛТА