https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі сфармаваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган


Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5-га снежня ў звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў.
"Сёння важны і ў той жа час урачысты дзень у палітычным жыцці нашай краіны. Мы вітаем у Палацы Незалежнасці дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Гэта наш Палац Незалежнасці і толькі потым - рабочая рэзідэнцыя Прэзідэнта. Сёння мы падводзім вынікі і дзякуем за работу мінуламу складу дэпутацкага корпуса", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Прэзідэнт сказаў, што, мяркуючы па публікацыях у СМІ і меркаваннях некаторых дэпутатаў, нехта чакае ад Аляксандра Лукашэнкі заяў. У сувязі з гэтым ён заявіў: "Гэта не форма для глабальных заяў. Вы ведаеце, што ёсць такая форма работы, як Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту, дзе робяцца нейкія істотныя заявы".

Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, традыцыя такіх сустрэч з дэпутатамі пакуль не ўкаранілася і толькі ўстанаўліваецца. На сустрэчы размова пойдзе аб некаторых ацэнках і важных пытаннях. 

"Мы пагаворым аб надзённых пытаннях нашай дзяржавы. Тут - эліта нашага грамадства. Вас выбралі людзі, у вас за спінай выбаршчыкі. Даказвайце людзям справай, што вы дастойныя гэтага высокага звання", - заявіў Прэзідэнт.

Ён лічыць сімвалічным, што праведзеныя парламенцкія выбары супалі са знакавым для краіны годам. "У 2019-м мы адзначалі 25-годдзе Канстытуцыі - дакумента, які адыгрывае найважнейшую ролю ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"З прыняццем Асноўнага закона мы юрыдычна замацавалі шматвяковыя традыцыі беларусаў, якія заўсёды імкнуліся да справядлівасці, незалежнасці і мірнай стваральнай працы на сваёй зямлі, удзельнічалі амаль ва ўсіх вядомых у гісторыі відах і формах народнага прадстаўніцтва. Вытокі беларускага парламентарызму бяруць свой пачатак у Полацкім вечы, сеймах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, Дзяржаўнай думе Расійскай імперыі, дзейнасці ўсебеларускіх з`ездаў Саветаў і скліканняў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Фармаванне сучаснага парламента праходзіла ў даволі няпросты перыяд: "Першыя гады перабудовы, развал Савецкага Саюза балюча ўдарылі па ўсіх сферах жыццядзейнасці краіны. Бадай, самым цяжкім выпрабаваннем стала несправядлівасць, з якой сутыкнуўся народ у эпоху перамен. Людзям, якія ўсё жыццё сумленна працавалі, не было на што жыць і не было чаго пакінуць сваім дзецям. Па факту краіна стаяла на краі бездані".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтых умовах на плечы беларускага народа лёг груз адказнасці за вырашэнне найскладанейшых задач: аказаўшыся без залатога запасу, нафты і газу, неабходна было стварыць новую эканамічную мадэль. 

"Нафта і газ былі рэсурсамі ўсёй вялікай краіны. І Беларусь у савецкі перыяд часу ўклала нямала, каб прабурыць там, у Сібіры, свідравіны, здабыць нафту, газ", - сказаў Прэзідэнт. 

Ён нагадаў, што ў савецкі час здабываемую ў Беларусі нафту экспартавалі. Цяпер адсутнасць нафты з`яўляецца вялікай праблемай для краіны.

Прэзідэнт адзначыў, што тады трэба было захаваць агульнанародную ўласнасць, неабходна было замацаваць сацыяльную накіраванасць унутранай палітыкі дзяржавы, устанавіць прававы парадак і спыніць экстрэмізм і бандытызм. У гэтым умовах трэба было будаваць краіну, наводзіць парадак, і парадак быў наведзены.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што таксама трэба было выбудаваць новыя дыпламатычныя ўзаемаадносіны, разлічваць не было на каго. Беларусь хутка прызналі замежныя дзяржавы. Трэба было таксама вызначыцца з новай дзяржаўнай сімволікай, якая аб`ядноўвае грамадства. 

"Трэба было спыніць распальванне нацыянальнай варожасці і вырашыць важнае для людзей моўнае пытанне і шмат іншых праблем. Іншымі словамі - пабудаваць моцную, жыццяздольную дзяржаву", - рэзюмаваў ён.

"Для стварэння новай, сапраўды дэмакратычнай палітычнай мадэлі абставіны патрабавалі прыняцця хуткіх, бескампрамісных рашэнняў і прававога замацавання адпаведных паўнамоцтваў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І толькі дзякуючы сваёй мудрасці і гатоўнасці ўзяць на сябе адказнасць за будучыню краіны беларусы прынялі гэтыя найважнейшыя рашэнні на ўсенародных рэферэндумах. Прагаласавалі за цвёрдую ўладу, стабільнасць і законнасць. У краіне быў сфармаваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што стварэнне двухпалатнага парламента - Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь - забяспечыла паслядоўнае і эфектыўнае правядзенне намечаных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

"Завяршаючы гэта гістарычнае адступленне, скажу галоўнае. Вядома, з гадамі негатыў забываецца. З пункту гледжання праблем, з якімі сутыкнулася краіна ў 1990-я, сёння многім беларусам, напэўна, нават у думках не хочацца вяртацца ў той час. І гэта нармальна. Правільней трымацца за лепшыя моманты, а адмоўны вопыт успрымаць з удзячнасцю, - лічыць Прэзідэнт. - Для мяне як кіраўніка дзяржавы самым светлым успамінам тых гадоў назаўсёды застанецца падтрымка нашага народа".

5 снежня 2019, Мінск 
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
 
Дата публикации:05.12.2019
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:200
 
Ключевые слова:
Суверенитет Независимость Парламент
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме