https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэнні ў кіраўніцтве КДБ і правёў нараду з абноўленым кіруючым складам Камітэта дзяржбяспекі


Аб гэтым паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Кіраўнік дзяржавы прызначыў: Калача Уладзіміра — намеснікам старшыні КДБ; Равуцкага Дзмітрыя — начальнікам УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці; Сталярчука Алега — начальнікам УКДБ па Віцебскай вобласці; Церахава Аляксандра — начальнікам УКДБ па Магілёўскай вобласці; Невяроўскага Аляксандра — начальнікам УКДБ па Гродзенскай вобласці; Гладышава Сяргея — начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласці; Язерскага Вячаслава — начальнікам ДУА "Інстытут нацыянальнай бяспекі".



Уладзімір Калач да цяперашняга часу ўзначальваў УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці, а Дзмітрый Равуцкі, які змяніў яго на гэтай пасадзе, — адно з галоўных упраўленняў цэнтральнага апарата КДБ. Алег Сталярчук раней узначальваў Інстытут нацыянальнай бяспекі. Яго пераемнік на гэтай пасадзе Вячаслаў Язерскі працаваў на пасадзе начальніка УКДБ па Брэсцкай вобласці, на якую цяпер прызначаны Сяргей Гладышаў. Ракіроўка адбылася ў кіраўніцтве упраўленняў КДБ па Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. На аналагічныя пасады, але ў новыя рэгіёны прызначаныя Аляксандр Церахаў і Аляксандр Невяроўскі.

"Я спецыяльна запрасіў вас для таго, каб пагаварыць аб праблемах КДБ. Павінен сказаць, што (я часта пра гэта кажу) супакойвацца нам ніхто не дасць. У нас не так спакойна і вакол краіны — гэта таксама часткова ваша праблема, ваша задача, — але там у нас ёсць ваенныя, яны павінны забяспечыць ваенную бяспеку дзяржавы. але і міліцыя, і КДБ — людзі не пабочныя. Улічваючы нават вопыт мінулай вайны, пад ружжо ўсталі ўсе, калі порахам запахла. Але галоўная ваша задача — гэта бяспека тых працэсаў і таго стану дзяржавы, якія забяспечваюцца ўнутры. Гэта ўнутраная бяспека. І вам вялікі давер. Але і вялікае запатрабаванне. Я хачу, каб вы гэта разумелі", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што КДБ многае робіць і ў плане эканамічнай бяспекі, абароны канстытуцыйнага ладу. "Тая інфармацыя, якую я атрымліваю, яна аб`ектыўная. Няма гэтай палітыкі — дзе-небудзь што-небудзь падфарбаваць, прыгожа напісаць, — сказаў ён. — Дзякуй богу, камітэт ад гэтага адышоў, як гэта было ў савецкія часы і пасля распаду саюза, і ў першыя гады майго прэзідэнцтва. Сёння часу прайшло дастаткова для таго, каб камітэт эфектыўна выконваў свае функцыі".

Лукашэнка таксама заявіў, што перад КДБ у якасці адной з галоўных задач стаіць не толькі барацьба з карупцыяй, але ёсць і такія напрамкі, як разведка і контрразведка, пытанне забеспячэння працы ўрадавай сувязі. З`явіўся і новы напрамак — барацьба з тэрарызмам. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтая праблема не характэрная для Беларусі, аднак супакойвацца ні ў якім разе нельга, маючы на ўвазе тое, што адбываецца навокал. "Той тэрор, які ахапіў усю планету, не факт, што ён не зачэпіць і нас, хоць унутраных прычын для гэтага няма. Але тым не менш гэта таксама ваш кірунак", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён асабліва папярэдзіў пра недапушчальнасць таго, каб у КДБ з`явіліся тэндэнцыі, супраць якіх дадзеная структура і змагаецца. "Я маю на ўвазе карупцыю, хабарніцтва, несумленныя, проста амаральныя паводзіны нашых кіраўнікоў знізу даверху. Не дай бог падобныя з`явы ў КДБ. Гэта проста будзе жудасна як для камітэта, ну і перш за ўсё для мяне. Народ мяне адразу папракне ў тым, што я занадта вам давяраў, а вы, глядзіце, якія самі", — звярнуў увагу Лукашэнка.

Старшыня КДБ Валерый Вакульчык распавёў, што ўсе кадравыя рашэнні вывераныя, да іх рыхтаваліся больш чым паўгода. "Кадры падрыхтаваныя. Гэта маладыя перспектыўныя кіраўнікі, і ёсць абгрунтаваная упэўненасць, што гэта будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці работы камітэта, — сказаў ён. — Гэта людзі прынцыповыя. Яны здольныя прымаць рашэнні, і мы ўжо пераканаліся, што гэтыя рашэнні вывераныя і прымаюцца з дзяржаўнага пункту гледжання".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 30 чэрвеня 2018
 
Дата публикации:30.06.2018
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:621
 
Ключевые слова:
Национальная безопасность Кадровые перестановки КГБ
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме