https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя: Верагоднай прычынай смерці дзіцяці пасля планавай вакцынацыі стала анафілаксія


Пра гэта заявіла на брыфінгу 29 жніўня ў Мінску начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла Лёгкая.
Верагоднай прычынай смерці двухмесячнага хлопчыка, які памёр 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне пасля планавай вакцынацыі, стала анафілактычная рэакцыя на адэкватна ўведзены прэпарат.

Па факце гібелі дзіцяці, адзначыла яна, міністэрства стварыла камісію, правяло ацэнку якасці аказання медыцынскай дапамогі. Выпадак быў разгледжаны на лячэбна-кантрольным савеце Міністэрства аховы здароўя.

"Камісія прыйшла да высновы, што верагоднай прычынай крытычнага стану, які прывёў да смерці дзіцяці, з`явілася анафілаксія, якая развілася з прычыны паталагічнай рэакцыі на адэкватна прызначаны і правільна ўведзены лекавы сродак — вакцыну. Што патрабуе дадатковага ўдакладнення пасля атрымання вынікаў судова-медыцынскай экспертызы", — сказала Лёгкая.

Яна падкрэсліла, што развіццё паталагічнага працэсу, які прывёў да крытычнага стану, было непрадказальным. "Смяротны зыход у сувязі з маланкавым цячэннем паталагічнага працэсу было немагчыма прадухіліць", — заявіла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Паводле слоў Лёгкай, аб`ём і парадак аказання экстранай медыцынскай дапамогі дзіцяці на ўсіх этапах адпавядаў цяжару яго стану, выстаўленаму дыягназу і ажыццяўляўся ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства аховы здароўя.

Камісія не ўстанавіла парушэнняў тэмпературнага рэжыму пры транспартаванні і захоўванні вакцын названых серый, якія маглі паўплываць на іх якасць, дадала яна.

"Па выніках расследавання сітуацыі фактаў, якія б ускосна і прама пацвярджалі парушэнне тэхнікі ўвядзення вакцын і выканання санітарна-супрацьэпідэмічных патрабаванняў, выяўлена не было. Працягваецца праца іншых кампетэнтных органаў па расследаванні факта смерці дзіцяці", — сказала прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Пры гэтым Лёгкая адзначыла, што на ўвядзенне вакцын і любых лекавых сродкаў могуць быць розныя рэакцыі. Поствакцынальныя рэакцыі ўяўляюць сабой розныя змены стану дзіцяці і праходзяць самастойна на працягу невялікага прамежку часу. Як правіла, яны не ўяўляюць пагрозы, могуць быць мясцовымі і агульнымі і дзеляцца на слабыя і моцныя. Пасля моцных поствакцынальных рэакцый урач пры неабходнасці сумесна са спецыялістамі або на імуналагічнай камісіі вырашае пытанне па арганізацыі індывідуальнай вакцынацыі.

Поствакцынальныя ўскладненні — гэта ўстойлівыя змены ў арганізме чалавека, якому робяць прышчэпку, што адбыліся пасля прышчэпкі. У гэтым выпадку парушэнні працяглыя, значна выходзяць за рамкі фізіялагічнай нормы і маюць вынікам разнастайныя парушэнні здароўя. У колькасным выражэнні ўскладненні ўзнікаюць у адным выпадку на некалькі сотняў доз: ад аднаго выпадку на 50 тыс. да аднаго на 1 млн доз, патлумачыла Лёгкая.

"Частата развіцця ўскладнення на ўвядзенне вакцыны супраць коклюшу, дыфтэрыі, слупняка складае ад аднаго выпадку на 750—800 тысяч доз. На жаль, ні адна з вакцын не з`яўляецца абсалютна бяспечнай, — падкрэсліла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. — Заўсёды ўскладненні пасля прышчэпак — гэта вельмі сур`ёзна, і яны разглядаюцца як надзвычайная сітуацыя. Кожны такі выпадак падрабязна аналізуецца. Медыцынская камісія, у якую ўваходзяць розныя спецыялісты, вырашае, чаму так адбылося і што рабіць далей".

Трагедыя здарылася 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Бацькі двухмесячнага хлопчыка даставілі яго ў фельчарска-акушэрскі пункт на планавую вакцынацыю. Пасля ўвядзення некалькіх прышчэпак дзіця пачало задыхацца. Брыгада хуткай дапамогі даставіла хлопчыка ў Ганцавіцкую цэнтральную раённую бальніцу, але выратаваць дзіця не ўдалося.

Ганцавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта ініцыяваў праверку па факце смерці дзіцяці. Былі прызначаны экспертныя даследаванні канфіскаваных медыцынскіх дакументаў і прэпаратаў, у прыватнасці дзвюх вакцын, якія ўвялі дзіцяці, — "Эупента" (LG Chem, Паўднёвая Карэя) і "Імавакс Полія" (Sanofi Pasteur, Францыя). Прымяненне дзвюх серый вакцын "Эупента" і "Імавакс Полія" ў Беларусі прыпынена да завяршэння расследавання.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 29 жніўня 2018
 
Дата публикации:29.08.2018
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:400
 
Ключевые слова:
Медицина Здравоохранение Прививка LG Chem "Эупента" Ганцэвічы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме