https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Абавязацельствы дзяржавы перад народам павінны "няўхільна захоўвацца і выконвацца"


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 мая на нарадзе па вырашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.
"Хацелася б, каб прэм`ер-міністр праінфармаваў аб тым, як будуць расці даходы насельніцтва: зарплаты, пенсіі. Мы не можам у чорным целе трымаць народ. Як будзем павышаць эфектыўнасць бюджэтнай сістэмы для забеспячэння сацыяльных стандартаў грамадства? Ці дастаткова прапанаваных вамі мер для скарачэння дзяржаўнага доўгу?" — цытуе Лукашэнку інфармагенцтва БелТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што спрыяльныя знешнеэканамічныя ўмовы дазваляюць разлічваць на дадатковыя даходы бюджэту. "Зараз склаліся спрыяльныя ўмовы. Рост сусветных цэн на нафту таксама нам на руку, бо растуць цэны і на нафтапрадукты, якія мы вырабляем у Беларусі. Даражэй мы прадаем мінеральныя ўгнаенні, у тым ліку калій. Які перыяд часу гэта будзе працягвацца, ніхто не ведае, але вечна гэта не будзе. Трэба паспець атрымаць максімум выгады з кан`юнктуры, якая склалася, і захаваць апераджальную дынаміку ва ўсіх сферах", — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў пра наяўнасць "немалой колькасці нявырашаных пытанняў і розных меркаванняў на гэты конт, асабліва адносна напрамкаў расходавання бюджэтных сродкаў". "Рэальны сектар будзе, вядома ж, цягнуць коўдру на сябе, як гэта ў нас часта здараецца. Фінансісты скажуць, што трэба перш за ўсё скарачаць дзяржаўны доўг", — адзначыў Лукашэнка.

"Маю пазіцыю чулі не толькі вы, але і ўвесь народ, — дадаў ён. — Бюджэт служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. Падаткі павінны максімальна вяртацца ў грамадства праз медыцыну, адукацыю, заработныя платы бюджэтнікам, падтрымку найбольш уразлівых слаёў насельніцтва".

Лукашэнка папрасіў міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага праінфармаваць, "што трэба зрабіць для апераджальнага эканамічнага росту". "Што стрымлівае гэты рост сёння? Аснова нашай эканамічнай палітыкі непарушная: калі бачыце неабходнасць пераўтварэнняў у любым кірунку (эканоміка, жыццё грамадства, асабліва прадпрыемствы матэрыяльнай сферы), закон адзін — сацыяльная адказнасць і ўлік інтарэсаў нашага народа", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Мэта нязменная — забяспечыць павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусі патрэбныя прадпрыемствы, якія жывуць без пастаяннага падсілкоўвання з дзяржбюджэту. "Урад мае намер працягнуць практыку дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемстваў. Не спрачаюся, магчыма, некага трэба і падтрымліваць. Аднак галоўнае пытанне: на якія мэты накіраваныя прапановы па аказанні гэтай падтрымкі? Калі на бягучыя патрэбы, то абмеркаванне сёння можна і не пачынаць. Мы не бачым абяцанага эфекту ў поўным аб`ёме ад раней аказанай дзяржпадтрымкі. Такім чынам мы прывыклі забіраць грошы ў настаўнікаў і лекараў і накіроўваць іх туды, дзе яны павінны зарабляцца і, наадварот, накіроўвацца ў бюджэт. Мы за кошт бюджэту ўсім дапамагчы не здолеем. Да прыкладу, падтрымалі мадэрнізацыю многіх прадпрыемстваў, і зараз іх эканоміка павінна быць самастойнай і вяртаць укладзенае", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 3 мая 2018
 
Дата публикации:03.05.2018
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:458
 
Ключевые слова:
Бюджет Соцзащита в Беларуси Качество жизни Господдержка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме