https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Менску насельніцтва расьце хутчэй, чым у Парыжы і Бэрліне


За гады беларускай незалежнасьці Менск вырас на 341 тысячу жыхароў, і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Эўропе.
Радыё Свабода параўнала колькасьць насельніцтва ўсіх эўрапейскіх сталіц цяпер і на пачатку 90-х ды атрымалі шмат цікавых вынікаў.

Менск — сярод лідэраў па росьце насельніцтва

З 1991 году насельніцтва Менску павялічылася на 341 тысячу чалавек. Гэта больш, чым амаль ва ўсіх сталіцах Эўропы, у тым ліку чым у Кіеве, Мадрыдзе, Бэрліне, Парыжы. Большы прырост толькі ў Маскве — плюс 3 мільёны 612 тысяч, Лёндане (Great London) — плюс 1 мільён 901 тысяча, Тыране — плюс 612 тысяч, Вене — плюс 375 тысяч, і Скоп’е — 363 тысячы. Менск — шостая сталіца Эўропы па росьце колькасьці насельніцтва з пачатку 1990-х.

З Масквой і Лёнданам лічбы чаканыя, але зьдзівілі Тырана й Скоп’е. Калі цяпер у сталіцы Альбаніі жывуць 862 тысячы чалавек, на пачатку 1990-х іх было 250 тысяч. У камуністычныя часы зьнешняя міграцыя была забароненая — пры Энвэру Ходжы гэтая краіна нагадвала Паўночную Карэю. Але далейшы рост Тыраны пад сумневам, таму што насельніцтва Альбаніі скарачаецца — мінус 8 адсоткаў за апошняе дзесяцігодзьдзе. А замежным грамадзянам яна ня надта цікавая, бо гэта адна з самых бедных краінаў Эўропы. Рост насельніцтва Скоп’е падштурхнулі такія фактары, як незалежнасьць Македоніі ды сталічны статус гораду.

Калі параўнаць рост насельніцтва эўрапейскіх сталіц у адсотках, Менск займае таксама высокае 15 месца — горад вырас на 20,9 адсотка. Сярод лідэраў Тырана — плюс 244,8 адсотка, Скоп’е — плюс 81, Люксэмбург — плюс 50, Осла — плюс 45, Масква — плюс 41,2, Стакгольм — плюс 39, Хэльсынкі — плюс 30,1, Капэнгаген — плюс 29,1, Падгорыца — плюс 28, Лёндан — плюс 27,6, Вена — плюс 25,1, Рэйк’явік — плюс 23, Амстэрдам — плюс 22,6, Брусэль — плюс 22. Гэта значыць, што і ў адсотках насельніцтва Менску вырасла больш, чым у Кіеве, Мадрыдзе, Бэрліне, Парыжы ды дзясятках іншых сталіц Эўропы. Павялічваецца розьніца і з суседняй Варшавай. Польская сталіца вырасла на 101 тысячу чалавек, што склала 6,5 адсотка.

Поруч з эўрапейскімі сталіцамі апынуліся й Горадня зь Берасьцем. Яны вырасьлі, адпаведна, на 85 і 67 тысяч чалавек — і гэта больш, чым маюць Прага (плюс 65 тысяч), Бухарэст (плюс 42), Заграб (плюс 29), Рэйк’явік (плюс 23) і два дзясяткі іншых.

Будапэшт і Сараева — адмоўныя лідэры

Дзевяць эўрапейскіх сталіц маюць адмоўны паказчык. Насельніцтва страцілі Будапэшт — мінус 259 тысяч, Сараева — мінус 251, Рыга — мінус 196, Кішынёў — мінус 143, Лісабон — мінус 115, Атэны — мінус 108, Талін — мінус 34, Браціслава — мінус 16 і Вільня — мінус 3 тысячы.

На Будапэшт і Рыгу паўплываў уваход у Эўразьвяз. Сараева шмат страціла падчас вайны з сэрбамі ў 1990-х, з Малдовы й Партугаліі шмат зьяжджаюць да больш заможных суседзяў — у Румынію ды Гішпанію. Браціслава губляе насельніцтва з прычыны блізкасьці больш разьвітай Вены — ехаць усяго гадзіну, але ў Аўстрыі значна большыя заробкі.

Калі параўнаць зьмену колькасьці насельніцтва ў адсотках, адмоўныя лідэры такія: Сараева — мінус 47,6, Рыга — мінус 22, Кішынёў — мінус 21,2, Лісабон — мінус 17,3, Атэны — мінус 14, Будапэшт — мінус 12,8, Талін — мінус 7,1, Браціслава — мінус 3,6, Вільня — мінус 0,5 адсотка.

Павал Дабравольскі
Радыё Свабода, 29 жніўня 2017,
 
Дата публикации:29.08.2017
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:883
 
Ключевые слова:
Демография Суверенитет Независисмость Мінск Население
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме