https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларуская міліцыя шукае ўкраінца Паўла Грыба, які знаходзіцца ў СІЗА ў Краснадары


МУС Беларусі 8 верасня афіцыйна пракаментаваў сітуацыю са знікненнем на тэрыторыі Беларусі грамадзяніна Украіны.
Як паведамляецца на сайце міліцэйскага ведамства, ва УУС Гомельскага аблвыканкама 31 жніўня паступіў электронны зварот ад грамадзяніна Украіны Ігара Грыба пра тое, што яго сын Павел Грыб 1998 года нараджэння выехаў 24 жніўня на рэйсавым аўтобусе ў Гомель на сустрэчу са знаёмай і з таго часу яго месцазнаходжанне невядомае.

Па гэтым факце ў парадку арт. 174 КПК аддзелам унутраных спраў адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля праводзіцца праверка. Устаноўлена, што ў перыяд знаходжання на тэрыторыі Беларусі Павел Грыб супрацоўнікамі органаў унутраных спраў не затрымліваўся, з заявамі або па іншых абставінах у міліцыю не звяртаўся. "На гэты момант яго месцазнаходжанне не ўстаноўлена", — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Супрацоўнікі міліцыі праводзяць комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і "прымаюць меры да ўстанаўлення зніклага грамадзяніна Украіны", адзначаюць у МУС.

Пасля заканчэння праверкі матэрыялы будуць накіраваныя ў падраздзяленне Следчага камітэта для прыняцця рашэння аб распачынанні крымінальнай справы па факце знікнення без вестак грамадзяніна Украіны.

Нагадаем, 7 верасня інфармацыйнае агенцтва УНІАН са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Васіля Кірыліча паведаміла, што зніклы ў Беларусі Павел Грыб знаходзіцца ў Расіі, у Краснадарскім СІЗА.

Украінскім дыпламатам даручана атрымаць доступ у следчы ізалятар у Краснадары да 19-гадовага Грыба, які знік пасля паездкі ў Беларусь і якога Федэральная служба бяспекі Расіі абвінавачвае ў тэрарызме.

"Сёння генеральнае консульства Украіны ў Растове-на-Доне атрымала паведамленне ўпраўлення ФСБ Расіі па Краснадарскім краі пра ўтрыманне Паўла Грыба ў Краснадары, — сказаў Кірыліч. — У паведамленні гаворыцца таксама пра тое, што Павел Грыб быў затрыманы па абвінавачанні ва ўчыненні злачынства ў адпаведнасці з артыкулам 205 Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі (тэрарыстычны акт.)".

"Пасольству Украіны ў Расійскай Федэрацыі і генеральнаму консульству Украіны ў Растове-на-Доне дадзена даручэнне аператыўна звярнуцца з нотай у МЗС РФ і прадстаўніцтва МЗС РФ у Краснадарскім краі з патрабаваннем неадкладна забяспечыць доступ украінскіх консулаў да затрыманага грамадзяніна Украіны, паведаміць пра прычыны і акалічнасці затрымання, умовы ўтрымання, забеспячэнне яго права на адвакацкую абарону, а таксама неабходнымі лекамі, якія ён па прадпісанні ўрача штодня прымае", — заявіў Кірыліч.

28 жніўня член грамадскага савета Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Ігар Грыб заявіў аб знікненні яго 19-гадовага сына Паўла. Ён паведаміў, што 24 жніўня сын паехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся і кантактаваў толькі ў сацыяльных сетках. Дзяўчына, паводле слоў сына, павінна была прыехаць на сустрэчу з Расіі.

Павел Грыб павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька паехаў на пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што яго сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з`яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

Некаторыя СМІ паведамілі, што Грыба перахапілі ў Беларусі і могуць утрымліваць у Краснадары, у мясцовым аддзяленні ФСБ РФ.

30 жніўня намеснік міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль заявіла, што ў Беларусі не супрацоўнічаюць належным чынам у сітуацыі са зніклым украінцам. Паводле яе слоў, Мінск на словах паводзіць сябе як партнёр, а на самай справе дзейнічае зусім інакш.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 8 верасня 2017
 
Дата публикации:08.09.2017
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:895
 
Ключевые слова:
Павел Гриб Украина Терроризм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме