Дваццаці фігурантам справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў ("справа "Белага легіёна") выстаўленае яшчэ адно абвінавачанне — у стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання (артыкул 287 Крымінальнага кодэкса). Гэту інфармацыю пацвердзілі ў прэс-службе КДБ.
Паведамляецца таксама, што ўсяго па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч. 3 арт. 293 КК) праходзяць 35 чалавек. З іх 17 выстаўленае абвінавачанне, яны знаходзяцца пад вартай. Яшчэ 18 знаходзяцца ў статусе падазроных. Чацвёра з іх затрыманы.
Каментуючы апублікаваныя звесткі, начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын паведаміў: "Усё адпавядае рэчаіснасці".
Затрыманні грамадскіх актывістаў пачаліся 21 сакавіка, праз некалькі гадзін пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб баевіках, якія "рыхтуюць правакацыю са зброяй". 23 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што ў рамках распачатай КДБ крымінальнай справы па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках затрымана 26 чалавек.
Многія з затрыманых — былыя члены патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая не існуе ўжо 15 гадоў, а таксама актывісты афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба "Патрыёт". У рамках гэтай крымінальнай справы таксама былі затрыманыя некаторыя актывісты "Маладога фронту" (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) на чале са Зміцерам Дашкевічам.
У артыкуле "Імя ім — легіён", які падпісаны "Аддзел расследаванняў", "СБ. Беларусь сегодня" сцвярджае, што на самой справе "Белы легіён" не самараспускаўся. Выданне расказвае пра падрыхтоўку членаў "Белага легіёна", якая доўжылася ўвесь гэты час, іх канспірацыю, а таксама пра тое, як спецслужбам стала вядома аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, якія планаваліся 25 сакавіка (апазіцыйны Дзень Волі) у Мінску.
"Востры сігнал паступіў ад грамадзянкі Германіі з беларускімі каранямі, — піша газета. — Назавем яе фрау А. Цалкам яе прозвішча кампетэнтным асобам вядомае. Дама была блізка знаёмая з французам па імені Мішэль (аматары канспіралогіі разумеюць, што ў мэтах бяспекі і гэтае імя адкрыта называць нельга), які, у сваю чаргу, кантактуе з Саннікавым і Бандарэнкам, што пражываюць у Польшчы. Якія, калі памятаеце, пісалі некалькі гадоў таму слёзную просьбу Прэзідэнту аб сваім раскаянні і памілаванні.
Датэрмінова пакінуўшы зоны, "раскаянцы" з`ехалі на заходнія хлябы і ўзяліся за сваё. Менавіта яны і прагаварыліся Мішэлю аб планах на 25 сакавіка. Француз падзяліўся "сакрэтамі" з сяброўкай А. Так яна даведалася, што на 25—26 сакавіка ў Мінску рыхтуюцца не проста беспарадкі, а сапраўдныя баі. Прычым не толькі з міліцыяй. Сцвярджалася, што ў Мінск едуць баевікі, вось іх і будуць біць мясцовыя "патрыёты". Ясна, што гэтае трызненне было ўсяго толькі прыкрыццём атакі на "трон, які пахіснуўся" (такія гнілыя навіны распаўсюджвалі ў сакавіку амаль усе "хартыі" і іншыя "белсаты"). Але чужыя "баевікі", абарона ад іх мірных мінчан — гэта нешта новае і, вядома, вельмі "патрыятычнае"! Тым не менш шакаваная беларуская берлінка паспяшалася ў пасольства і ўласнаручна напісала заяву на імя Прэзідэнта, молячы прыняць "неадкладныя меры", паколькі баялася, што "пагромы могуць пагражаць яе хворай маці", якая жыве ў цэнтры Мінска".

"Зразумела, у КДБ такую заяву не маглі пакінуць па-за ўвагай, — адзначаюць аўтары матэрыялу. — Тым больш што напярэдадні сакавіцкіх падзеяў на дзяржмяжы адбылася чарада насцярожваючых інцыдэнтаў, пра якія тады паведамлялася ў СМІ. У поле зроку аператыўнікаў, натуральна, перш за ўсё патрапіў крыху прызабыты "Белы легіён".
Справа па арт. 287 КК у Беларусі распачынаецца ўпершыню. Гэты артыкул гаворыць: "Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання пры адсутнасці прыкмет артыкула 286 ("Бандытызм".) гэтага Кодэкса, альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем, або ўдзел у ім караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў". У якасці заўвагі адзначаецца, што асоба, якая добраахвотна спынiла ўдзел у незаконным узброеным фарміраванні і здала зброю, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле.
Варта адзначыць, што затрыманні ў рамках гэтай крымінальнай справы многія аналітыкі звязваюць са спробамі ўладаў нейтралізаваць апазіцыю і грамадскіх актывістаў, каб не дапусціць новай хвалі вулічных акцый супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў, якія праходзілі ў лютым—сакавіку ў розных гарадах Беларусі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 11 красавіка 2017
Мінск, 11 красавіка 2017