Удзельнік велапрабегу "Крытычная маса" 19-гадовы актывіст апазіцыі Дзмітрый Паліенка прызнаны вінаватым у насіллі ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі і размяшчэнні ў інтэрнэце парнаграфічных матэрыялаў. Ён прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады і вызвалены ў зале суда.
Адпаведнае рашэнне абвясціў 12 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска суддзя Валерый Есьман. Такім чынам, суд падтрымаў пазіцыю дзяржабвінаваўцы, які запытаў напярэдадні для Паліенкі менавіта такое пакаранне.
Пасля ўваходжання прысуду ў сілу актывіст павінен стаць на ўлік у міліцыю, яму забаронена змяняць месца жыхарства. У выпадку калі Паліенка плануе быць у ад`ездзе тэрмінам больш за адзін месяц, ён павінен паведамляць пра гэта ў міліцыю. Суд таксама абавязаў актывіста на працягу двух месяцаў уладкавацца на працу. Яму прызначана прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Пасля вынясення прысуду Дзмітрый Паліенка заявіў журналістам, што не чакаў ад суда такога мяккага рашэння. "Як мінімум быў гатовы да "сутак" (адміністрацыйнага арышту)", — сказаў ён. На думку актывіста, мяккасць прысуду звязана з тым, што "прэзідэнт не жадае аднаўлення санкцый" (маюцца на ўвазе санкцыі з боку Захаду).
Варта зазначыць, што ў першы дзень суда над Паліенкам ў зале прысутнічалі прадстаўнікі пасольства ЗША і ЕС.
Нягледзячы на ўскладзеныя на яго абмежаванні, Паліенка мае намер і ў далейшым удзельнічаць у акцыях апазіцыі. Ён таксама паведаміў журналістам, што збіраецца абскардзіць абвінаваўчы прысуд суда.
29 красавіка больш за 30 чалавек сабраліся каля опернага тэатра, каб праехаць па праезнай частцы горада на веласіпедах і заявіць аб правах веласіпедыстаў. Ля стэлы "Мінск — горад-герой" канец калоны веласіпедыстаў падрэзаў мікрааўтобус з супрацоўнікамі АМАП. Паводле звестак праваабаронцаў, былі затрыманыя шасцёра ўдзельнікаў акцыі, прычым затрыманне праходзіла з прымяненнем грубай фізічнай сілы.

Паводле інфармацыі міліцыі, група веласіпедыстаў, груба парушаючы патрабаванні правілаў дарожнага руху, выехала на праезную частку і на неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ не рэагавала.
"Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеянні і вярнуць іх на тратуар парушальнікі правапарадку аказалі непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
А адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму форменнае абмундзіраванне. Шасцёра завадатараў бойкі былі затрыманыя і дастаўленыя ў Цэнтральнае РУУС Мінска для разбору", — гаварылася ў паведамленні ГУУС Мінгарвыканкама.

У некалькіх удзельнікаў велапрабегу дома прайшлі вобшукі, але ў выніку пад крымінальны пераслед трапіў толькі Паліенка. З моманту затрымання Паліенка знаходзіўся пад вартай. Праваабаронцы патрабавалі вызваліць яго да канца следства, а таксама спыніць пераслед удзельнікаў мірных сходаў.
"Крытычная маса" — сусветны рух веласіпедыстаў, якія збіраюцца ў сваіх населеных пунктах у апошнюю пятніцу месяца і выступаюць, як правіла, за пашырэнне правоў веласіпедыстаў на дарогах.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 12 кастрычніка 2016
Мінск, 12 кастрычніка 2016