Дэлегаты V Усебеларускага народнага сходу аднагалосна прынялі рэзалюцыю, у якой ухвалілі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады.
Як вынікае з апублікаванага праекта праграмы, прырост ВУП да 2020 года ў параўнанні з 2015-м павінен скласці 12—15%, а рэальных грашовых даходаў грамадзян — 9,5—11,6%.
Да 2020 года ўлады збіраюцца знізіць інфляцыю да 5%, а стаўкі па крэдытах — да 9—11%. "У кожнай беларускай сям`і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру. Працягласць жыцця вырасце да 75,3 года", — гаворыцца ў дакуменце.
Для дасягнення пастаўленых мэтаў развіццё краіны будзе грунтавацца на такіх прыярытэтах, як інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь.
Праект праграмы дэкларуе разняволенне дзелавой ініцыятывы і мадэрнізацыю адносін уласнасці, абнаўленне сістэмы кіравання эканомікай: размежаванне функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка, скарачэнне залішніх і дублюючых функцый дзяржорганаў, пашырэнне паўнамоцтваў і сфер адказнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання і іншыя захады.
Акрамя таго, да 2020 года плануецца правесці лібералізацыю валютнай сістэмы і стварыць паўнавартасны фінансавы рынак, пры гэтым фінансавыя ўлады маюць намер прытрымлівацца гнуткай курсавой палітыкі. Чакаецца, што развіццё канкурэнцыі ў банкаўскім сектары і ўкараненне сучасных тэхналогій прывядзе да зніжэння кошту і росту даступнасці банкаўскіх паслуг.
Прадугледжаны "істотны рост" золатавалютных рэзерваў, аб`ём якіх улады маюць намер падтрымліваць "на бяспечным узроўні". Развіццё фінансавага рынку дасць насельніцтву прывабныя сферы ўкладання грошай, падкрэсліваецца ў праграме. Плануецца забяспечыць свабодную куплю-продаж акцый айчынных і замежных арганізацый усіх формаў уласнасці.
Адной з мэтаў наступнай пяцігодкі заяўлена фарміраванне збалансаванага бюджэту без росту падатковай нагрузкі. Яшчэ адзін кірунак — фінансавае аздараўленне рэальнага сектара эканомікі. Пры гэтым прадугледжана "кіраванае вывядзенне з эканомікі неплацежаздольных вытворчасцяў, выдаткі на падтрымку якіх перавышаюць аддачу ад іх, уцягванне ў эканамічны абарот іх актываў і эфектыўнае выкарыстанне працоўных рэсурсаў, якія вызваляюцца", з захаваннем сацыяльнай абароны работнікаў.
У 2016—2020 гадах запланавана рэалізацыя больш як 80 буйных інвестыцыйных праектаў з аб`ёмам інвестыцый больш за 27 млрд. долараў. У іх ліку — будаўніцтва АЭС, арганізацыя вытворчасці легкавых аўтамабіляў СЗАТ "Белджы", стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень", распрацоўка радовішчаў калійных угнаенняў з будаўніцтвам горна-абагачальных комплексаў на Петрыкаўскім і Старобінскім радовішчах, будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК", будаўніцтва завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ААТ "ММПЗ-груп", праектаванне і будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-мір" і іншыя.
У найбліжэйшыя пяць гадоў Беларусь плануе павялічыць экспарт тавараў і паслуг на 21—25%, доля пастаўленай на экспарт прамысловай прадукцыі павінна скласці не менш за 65%. У гэтым кірунку робіцца стаўка на краіны "далёкай дугі" ў Азіяцкім, Лацінаамерыканскім, Блізкаўсходнім і Афрыканскім рэгіёнах.
Да 2020 года ўлады таксама разлічваюць павялічыць экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання да 7,5 млрд. долараў. Акрамя таго, у аграпрамысловым комплексе прадугледжваецца шэраг структурных пераўтварэнняў.
Удзельная вага высокатэхналагічных відаў дзейнасці ў агульным аб`ёме прамысловай вытворчасці ў Беларусі павінна вырасці з 3,2% у 2015 годзе да 4—6% у 2020-м. Запланавана "паскоранае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара". Узровень навукаёмістасці ВУП за кошт усіх крыніц фінансавання павінен перавысіць 1%.
У сферы інфарматызацыі ў найбліжэйшую пяцігодку трэба будзе вырашыць шэраг ключавых задач. Сярод іх — стварэнне адной з самых сучасных інфраструктур тэлекамунікацый ва Усходняй Еўропе і паўнавартаснага электроннага ўрада, а таксама максімальнае ўкараненне ва ўсе галіны эканомікі тэхналогій збору і апрацоўкі вялікіх масіваў дадзеных, перш за ўсё ў медыцыне, гандлі і сельскай гаспадарцы. Павінны быць знятыя ўсе адміністрацыйныя бар`еры, якія перашкаджаюць развіццю электроннага гандлю, а таксама выкарыстанню вядучых сусветных і рэгіянальных плацежных сістэм. Усе школы краіны плануецца забяспечыць высакахуткасным бесправадным інтэрнэтам.
Прадугледжана павышэнне якасці паслуг і зніжэнне выдаткаў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. У 2016 годзе плануецца дасягнуць 50-працэнтнага ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам затрат па ўсім комплексе паслуг ЖКГ, пачынаючы з 2017 года павышэнне ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам будзе ажыццяўляцца ва ўвязцы са зніжэннем затрат на іх аказанне і ростам даходаў грамадзян.
Таксама запланавана развіццё транзітнай прывабнасці Беларусі і індустрыі гасціннасці.
У гандлёвай сферы мяркуецца павысіць забяспечанасць насельніцтва гандлёвымі плошчамі з 551 да 620 кв. м на тысячу чалавек, павялічыць долю інтэрнэт-гандлю ў рознічным тавараабароце да 3,5%, удзельная вага харчовых тавараў айчыннай вытворчасці ў агульным аб`ёме рознічнага тавараабароту ў 2020 годзе павінна скласці не менш за 85%.
У сацыяльнай сферы абвяшчаецца развіццё чалавечага патэнцыялу і павышэнне ўзроўню жыцця беларускага народа.
Мэтай дэмаграфічнай палітыкі названая стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне чаканай працягласці жыцця. Асноўная задача міграцыйнай палітыкі заключаецца ў павышэнні эфектыўнасці кіравання міграцыйнымі патокамі, адзначаецца ў праекце праграмы.
"Падтрымка сем`яў з дзецьмі, умацаванне інстытута сям`і з`яўляюцца агульнанацыянальнымі задачамі ў бягучым пяцігоддзі", — гаворыцца ў дакуменце.
Дзяржава абвяшчае адным з прынцыпаў сацыяльнай палітыкі да 2020 года забеспячэнне эфектыўнай занятасці насельніцтва, павышэнне канкурэнтаздольнасці працоўнай сілы на рынку працы і яе тэрытарыяльнай мабільнасці, пры гэтым будзе забяспечаны пераход ад палітыкі захавання працоўных месцаў да палітыкі атрымання максімальнага эфекту ад аднаго працоўнага месца, а рэструктурызацыя вытворчасцяў "будзе насіць сацыяльна адказны характар". Плануецца ствараць не менш за 50 тыс. новых працоўных месцаў штогод.
Павышэнне заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый да ўзроўню не ніжэйшага за 80% ад сярэдняга заробку ў эканоміцы да 2020 года прадугледжваецца забяспечыць праз аптымізацыю функцый і колькасці занятых у бюджэтнай сферы, зазначаецца ў праграме. Пры гэтым меры ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. Пенсіі будуць індэксавацца з улікам росту сярэднямесячнай зарплаты работнікаў.
Плануецца спрашчэнне працэдуры выдзялення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Удасканаленне адраснай падтрымкі неабароненых катэгорый грамадзян дасць магчымасць захаваць узровень малазабяспечанасці насельніцтва — да 5,5% у 2020 годзе.
Дэкларуецца далейшае развіццё фізічнай культуры і спорту, рост якасці і даступнасці адукацыі, развіццё нацыянальнай культуры і творчага патэнцыялу беларускага народа.
Плануецца пашырэнне мер падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі.
"У пятай пяцігодцы мы спынім падзенне і вернем рост эканомікі. Акрамя дасягнення базавых мэтаў (рост ВУП, рэальных даходаў, працягласці жыцця) мы зробім самае галоўнае — закладзем падмурак новай эканомікі, эканомікі ведаў і паслуг", — сказана ў дакуменце.
"Мы зменім нашу родную зямлю, робячы яе ўтульнай і квітнеючай. Такой мы бачым Беларусь праз пяць гадоў — у 2020 годзе. Такой яна абавязкова стане. Усё ў нашых руках!" — гэтымі словамі завяршаецца праект праграмы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 23 чэрвеня 2016
Мінск, 23 чэрвеня 2016