https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь гатова дзяліцца вопытам у сферы дзяржбудаўніцтва і сацыяльнай палітыкі


Беларусь гатова падзяліцца з замежнымі партнёрамі сваім вопытам дзяржаўнага будаўніцтва, напрацоўкамі ў сферы дзяржслужбы і ў пабудове эфектыўнай сацыяльнай палітыкі.
Аб гэтым заявіў у гутарцы з карэспандэнтам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі на пляцоўцы міжнароднай канферэнцыі "Роля дзяржаўнай службы ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця", якая 20 лістапада праходзіць у Мінску.

"У Беларусі, безумоўна, грунтоўна вывучаюць лепшыя замежныя напрацоўкі, сучасныя кадравыя тэхналогіі і меры па развіцці дзяржаўнай службы, але мы ганарымся сёння ўласнымі дасягненнямі ў дзяржаўным будаўніцтве і ў галіне дзяржслужбы. І Беларусь гатова імі дзяліцца, - падкрэсліў Ігар Бузоўскі. - Хачу заўважыць, што Рэспубліка Беларусь на сённяшні дзень мае каласальны вопыт і гістарычна складзеную ўстойлівую форму арганізацыі эфектыўнай дзейнасці дзяржслужачых у справе дзяржаўнага будаўніцтва. На мой погляд, у рабоце цяперашняй канферэнцыі дэлегатам трэба не проста выслухаць, атрымаць інфармацыю, прывезеную з далёкага замежжа. Неабходна таксама (і аб гэтым гаварылася на адкрыцці форуму) арганізаваць дзейсны абмен вопытам, які будзе карысны шырокаму колу краін. Беларусі ёсць тут што сказаць і прапанаваць".

Дзяржаўныя служачыя ў Беларусі - гэта высокаадукаваныя прафесійна падрыхтаваныя работнікі. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што ў дзяржбудаўніцтве актыўна ўдзельнічаюць жанчыны, якія складаюць амаль палову кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый. На сістэмнай аснове праводзіцца своечасовае амаладжэнне кіраўніцкіх кадраў, а пераважная большасць дзяржаўных служачых знаходзяцца ў самым працаздольным узросце - ад 30 да 49 гадоў.

"Такім чынам, сучасная дзяржаўная служба Беларусі - гэта эфектыўная, кампактная і своечасова мадэрнізуемая структура. Пры гэтым апошнія гады за кошт зніжэння колькасці дзяржаўнага апарату павышана зладжанасць і дакладнасць яго работы", - сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Бузоўскі таксама асабліва адзначыў, што сёння адной з ключавых аксіём пры фарміраванні кадравага патэнцыялу дзяржаўнай службы ў Беларусі павінна быць ацэнка будучага спецыяліста з пункту гледжання яго маральна-дзелавых і прафесійных якасцей.

"Менавіта ў такой паслядоўнасці. На сённяшні дзень роля маральна-дзелавых, асобасных якасцей чалавека, лічу, павінна быць адным з прыярытэтаў стратэгіі адбору дзяржаўных служачых і фарміравання дзяржаўнага апарату. Калі мы ўзвядзём гэта ў ранг аднаго з асноўных пастулатаў, то, несумненна, зменяцца падыходы і ў барацьбе з карупцыяй, і ў выкараненні ўтрыманства, спажывальніцкага стаўлення да работы і дзяржавы ў цэлым", - сказаў ён.

Паводле слоў Ігара Бузоўскага, пры абмеркаванні ў міжнародным фармаце пытанняў і праблем, што датычацца дзяржаўнай службы, нельга не ўлічваць вельмі важны фактар: часта тыя стандарты і падыходы, якія з`яўляюцца агульнапрынятымі ў адной дзяржаве, зусім не могуць лічыцца нормай для другой.

"У свеце не існуе ўніверсальных рэцэптаў для ўсіх. Экспертны аналіз і ўдумлівы падыход да ўсіх аспектаў дзяржаўнага функцыянавання і будаўніцтва павінны быць пакладзены ў аснову не толькі дыскусій, розных сустрэч і форумаў, але і практычных дзеянняў, а таксама работы прадстаўнікоў дзяржсектара", - дадаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

У цэнтры ўвагі дэлегатаў канферэнцыі ў Мінску знаходзіліся Мэты ўстойлівага развіцця, што ўключаюць у сябе 17 асноўных выклікаў сучаснасці. Аднак, на думку Ігара Бузоўскага, частка з агучаных прадстаўнікамі ПРААН напрамкаў і праблем не з`яўляюцца актуальнымі ні для Беларусі, ні для шэрага іншых дзяржаў.

"Калі размова ідзе аб ліквідацыі беднасці, голаду, змяншэнні няроўнасці і іншых негатыўных з`яў, то ў многіх беларусаў гэта можа выклікаць некаторае недаўменне. Бо мы ўжо даўно пераадолелі ўсе гэтыя этапы, і адпаведныя лекцыі для нас цяпер не настолькі актуальныя. Беларусь гатова сумесна з іншымі ўдзельнікамі сусветнай супольнасці прапрацоўваць падыходы да вырашэння іншых выклікаў сучаснасці, якія не ўвайшлі ў тыя 17 Мэт устойлівага развіцця", - падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

20 лістапада 2015, Мінск
Марта Астрэйка - БЕЛТА
 
Дата публикации:20.11.2015
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:704
 
Ключевые слова:
Госслужба Белорусская экономическая модель Кадры Цели устойчивого развития Соцзащита в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме