https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Урад разгледзеў канцэпцыю праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады


Прэзідыум Савета Міністраў разгледзеў 10 сакавіка канцэпцыю праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.
Распрацоўка праграмы вялася ў адпаведнасці з законам аб дзяржаўным прагназаванні. Прапанаваная канцэпцыя праграмы грунтуецца на Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця краіны да 2030 года, а таксама праграме дзейнасці ўрада на 2015 год. Канчатковай мэтай праграмы з`яўляецца павышэнне якасці жыцця насельніцтва.

Прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў падтрымаў ключавы пасыл канцэпцыі - чалавек, інавацыі, канкурэнтаздольнасць. Галоўным сродкам павышэння канкурэнтаздольнасці краіны на сусветным рынку, паводле яго слоў, з`яўляецца абнаўленне, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, удасканаленне эканамічных адносін у сферы вытворчасці і лагістыкі. Іншымі словамі, рэалізацыя стратэгіі інавацыйнага развіцця. "Трэба правільна выкарыстоўваць і стымулюючыя элементы эканамічнага развіцця канкурэнцыі, - сказаў прэм`ер. - Канкурэнцыя і інавацыі ўзаемадапаўняюць і ўзмацняюць адна адну". У поўным аб`ёме павінен быць таксама задзейнічаны чалавечы патэнцыял.

Як адзначыў Андрэй Кабякоў, сістэма кіравання эканомікай павінна відазмяніцца. У цэнтры ўвагі кіраўніка галіны павінна быць развіццё ўсёй галіны, а не толькі гаспадарчая дзейнасць асобнай групы прадпрыемстваў.

"Актуальным з`яўляецца і развіццё карпаратыўнага кіравання, стварэнне эфектыўнай сістэмы падрыхтоўкі кіраўнікоў вышэйшага звяна, аптымізацыя маёмасці, што знаходзіцца на балансе дзяржпрадпрыемстваў", - дадаў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым ён звярнуў увагу распрацоўшчыкаў канцэпцыі на тое, што прыватызацыя не заўсёды з`яўляецца 100-працэнтнай гарантыяй забеспячэння нармальнай работы прадпрыемстваў. Падыход да гэтага пытання будзе ўзважаным і індывідуальным.

Канцэпцыя праграмы на будучую пяцігодку прадугледжвае адмову ад перакрыжаванага субсідзіравання. Падыходзіць да вырашэння гэтага пытання, падкрэсліў кіраўнік урада, трэба ўзважана, з улікам інтарэсаў насельніцтва і прадпрыемстваў.

У вытворчай сферы канцэпцыя праграмы грунтуецца на развіцці высокатэхналагічных, рэсурсазберагальных галін, выкарыстанні мясцовых сыравінных рэсурсаў. Гэтыя падыходы павінны быць прыярытэтнымі пры фарміраванні галіновых і рэгіянальных праграм на 2016-2020 гады. Разам з тым вялікі патэнцыял маюць традыцыйныя вытворчасці, якія створаны папярэднімі пакаленнямі і будуць працаваць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Гэты патэнцыял неабходна максімальна выкарыстоўваць, прымяняючы новыя элементы кіравання.

Больш неабходна працаваць і над развіццём сферы паслуг, якая з`яўляецца адной са сфер эканомікі, што найбольш дынамічна развіваюцца. Існуючыя рэзультаты па многіх відах паслуг у Беларусі маглі б быць значна лепшымі. "Мы транзітная краіна, а ў індэксе развіцця лагістыкі займаем 99-е месца са 160 краін. Такім чынам, мы страчваем і патэнцыяльныя даходы ад гэтай дзейнасці", - канстатаваў прэм`ер.

У сувязі з гэтым ён адзначыў, што ва ўмовах папулярызацыі кітайскімі калегамі ідэі транснацыянальнага транспартнага калідора "Шаўковы шлях" Беларусь павінна быць актыўным удзельнікам гэтага працэсу. "Якасныя зрухі ў гэтай сферы прынясуць рэспубліцы дадатныя дывідэнды па знешнегандлёвым абароце", - упэўнены Андрэй Кабякоў. Разам з тым, на яго погляд, у канцэпцыі праграмы не ў поўным аб`ёме прапрацаваны пытанні развіцця транзітных пераваг рэспублікі ў частцы транспартнай інфраструктуры, магчымасці абнаўлення і пашырэння авіяцыйнага парку, электрыфікацыя чыгуначнага транспарту, прадастаўленне паслуг па груза- і пасажыраперавозках. У цэлым, рэзюмаваў прэм`ер, неабходна ствараць новыя рыначныя навукаёмістыя віды паслуг з высокай дабаўленай вартасцю - адукацыйныя, медыцынскія, кансалтынгавыя, інфармацыйныя. 

Агучаныя 10 сакавіка прапановы прыняты да ведама і будуць улічаны пры дапрацоўцы канцэпцыі.

10 сакавіка 2015, Мінск
Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА
 
Дата публикации:10.03.2015
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:1270
 
Ключевые слова:
Соцзащита в Беларуси Белорусская экономическая модель Программа развития 2016-2020
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме