https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Алесь Міхалевіч адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе


Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, затрыманы 8 верасня раніцай на літоўска-беларускай мяжы, адпушчаны з Ашмянскага РАУС (Гродзенская вобласць).
Як паведаміў Міхалевіч, яго адпусцілі прыкладна ў 15.00 пад падпіску аб нявыездзе, хоць ён не падпісваў ніякіх дакументаў. Паводле слоў Міхалевіча, гэта першы прыклад у гісторыі юрыспрудэнцыі Беларусі, калі пад падпіску аб нявыездзе быў адпушчаны чалавек, які яе не падпісваў. Пры гэтым супрацоўнікі РАУС не паведамілі Міхалевічу пра магчымыя наступствы адмовы ад падпіскі. 

Цяпер палітык знаходзіцца ў раёне Астраўца па дарозе ў Мінск. Першае, што плануе зрабіць Міхалевіч, — гэта сустрэцца з жонкай і дзецьмі. Пра публічныя заявы і сустрэчы з прэсай ён пакуль не думаў, але абяцаў паведаміць пра гэта найбліжэйшым часам на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". 

Экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч быў затрыманы раніцай 8 верасня беларускімі пагранічнікамі ў Гудагаі падчас пашпартнага кантролю як асоба, што знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. 

Начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Сяргей Кабаковіч паведаміў, што рашэнне ў дачыненні да Міхалевіча будзе прымацца ў адпаведнасці з дзейным крымінальна-працэсуальным заканадаўствам. Паводле яго слоў, цяпер у вытворчасці ўпраўлення СК па Мінску знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненні да Міхалевіча на падставе ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады). Яе расследаванне было прыпыненае ў адпаведнасці з п. 2 ч. 1 арт. 246 КПК з прычыны таго, што фігурант схаваўся ад органа крымінальнага пераследу. 

Алесь Міхалевіч, як большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19 лютага 2011 года яго адпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а 28-га ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра катаванні ў СІЗА. 

У сакавіку 2011 года Міхалевіч тайна выехаў з Беларусі, растлумачыўшы гэта пагрозай "рэальнай фізічнай расправы", і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычнае прыстанішча ў Чэхіі. Ужо за мяжой Міхалевіча некалькі разоў затрымлівалі як асобу, абвешчаную ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. У ліпені 2012 года апазіцыйны палітык атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне, што ён выключаны з цэнтральнай базы даных Інтэрпола як асоба, якая знаходзіцца ў вышуку. 

Міхалевіч не раз заяўляў, што жадае вярнуцца ў Беларусь, але вяртанню перашкаджае крымінальная справа аб масавых беспарадках, якая застаецца адкрытай.

Захар Шчарбакоў, Аляксей Аляксандраў
БелаПАН, Мінск, 8 верасня 2015
 
Дата публикации:08.09.2015
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:972
 
Ключевые слова:
Беспорядки Выборы в Беларуси Алесь Михалевич Интерпол
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме