https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларуская армія апраўдае высокі давер народа


Упэўненасць у гэтым выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лютага на цырымоніі ўручэння пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі традыцыйна адзначаецца дата 23 лютага, паколькі яна на працягу многіх дзесяцігоддзяў з`ядноўвае не толькі ваеннаслужачых краіны, але і ўсё грамадства, увасабляе ратны подзвіг многіх пакаленняў абаронцаў Радзімы.

"Гэта памяць аб многіх мільёнах нашых суграмадзян, якія аддалі сваё жыццё на палях бітвы. А таксама аб тых, хто стаяў ля вытокаў зараджэння арміі маладой Савецкай дзяржавы ў гады Грамадзянскай вайны, удзельнічаў у стварэнні Беларускай ваеннай акругі ў міжваенны перыяд і адстаяў свабоду нашай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, хто на працягу многіх дзесяцігоддзяў абараняў заваёвы Вялікай Перамогі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, гэта бясспрэчныя каштоўнасці беларускай дзяржавы. "Каштоўнасці, якія, як бы цяжка нам ні было за гады нашай навейшай гісторыі, ніколі не падлягалі сумненню нашага грамадства і нашага народа. Так, былі ў нас асобныя прапановы па змяненні гэтага свята, прапаноўвалі адзначаць яго ў сувязі з рознымі падзеямі, але мы дастойна, і не толькі ў гэтым плане, вытрымалі гэтыя выпрабаванні. Гэта сапраўды былі выпрабаванні для народа. Мы не сталі граміць помнікі, змяняць назвы вуліц (пачыналі, але своечасова абдумаліся і перасталі), змяняць свае спрадвечныя сімвалы, пры якіх была пабудавана наша Беларусь і створаны асновы незалежнасці і суверэнітэту, не сталі пераймяноўваць нашы святы. Праз невялікі перыяд навейшай гісторыі мы ўбачылі, што зрабілі правільна. І сёння ніводны з нашых рухаў нельга раскрытыкаваць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, у захаванні гэтых каштоўнасцей і забеспячэнні мірнай працы людзей вялікую ролю адыгрываюць Узброеныя Сілы і праваахоўныя органы. "Яны з`яўляюцца дастойнымі наследнікамі воінаў-пераможцаў. Сведчанне таго - іх высокі аўтарытэт у грамадстве, усенародная павага да людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Айчыне", - сказаў беларускі лідар.

"Наперадзе ў нас шэраг важнейшых задач, якія давядзецца вырашаць у няпростай эканамічнай сітуацыі і складанай міжнароднай абстаноўцы. Як бы ні было гэта дорага, нам трэба разам: рускім, беларусам і ўкраінцам - у год 70-годдзя дастойна сустрэць гэту дату ў міры і згодзе", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на самым высокім узроўні неабходна правесці юбілейныя мерапрыемствы і ўнутры краіны. "Паказаць усяму свету, што Вялікая Перамога - гэта наш нацыянальны здабытак. І вынікі Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай вайны не могуць быць не тое што фальсіфікаваны, а рэвізаваны. Мы не можам каму б там ні было дазволіць прыменшыць значэнне гэтай перамогі, перагледзець уклад беларускага народа ў разгром фашызму", - сказаў Прэзідэнт.

"У год 70-годдзя Вялікай Перамогі на нас ускладаецца асаблівая адказнасць за забеспячэнне нацыянальнай бяспекі краіны ва ўсіх яе сферах", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што важнейшым мерапрыемствам аператыўнай падрыхтоўкі Узброеных Сіл стане вучэнне "Шчыт Саюза - 2015", якое пройдзе ў Расійскай Федэрацыі, на тэрыторыі асноўнага ваеннага саюзніка. На думку кіраўніка дзяржавы, гэта вучэнне павінна прадэманстраваць усяму свету гатоўнасць і здольнасць сумеснымі намаганнямі надзейна забяспечыць мір і бяспеку Саюзнай дзяржавы.

"У нас наперадзе важнейшая палітычная кампанія. Яна павінна прайсці арганізавана і спакойна. Нельга дапусціць любой некантралюемай сітуацыі ў краіне і дэстабілізацыі абстаноўкі. І гэта залежыць, перш за ўсё, ад нас, ваенных", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Адзінства нашага народа, давер простых грамадзян да органаў улады і ўпартая праца - галоўныя складнікі стабільнасці дзяржавы, і наша задача не падвесці людзей, якія нам давяраюць, забяспечыць ім магчымасць мірна працаваць, гадаваць дзяцей, рабіць наша жыццё больш шчаслівым і лепшым", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Беларускі народ давярае сваёй арміі, упэўнены ў надзейнасці сістэмы нацыянальнай бяспекі. І гэты высокі давер мы з вамі, несумненна, апраўдаем", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу.

У прыватнасці, пагоны генерал-маёра ўручаны Паўлу Муравейку, Ігару Дземідзенку, Вячаславу Язерскаму, Аляксандру Невяроўскаму, генерал-маёра міліцыі - Віктару Дубаўцу і Віктару Сянько, генерал-маёра юстыцыі - Аляксею Волкаву, Алегу Шаркову і Максіму Вароніну. Аляксандру Худалееву ўручаны пагоны генерал-маёра ўнутранай службы, Ігару Маршалаву - генерал-маёра фінансавай міліцыі.

Акрамя таго, старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Юрыю Сянько прысвоена персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу, намесніку генеральнага пракурора Беларусі Аляксандру Дубаву - класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-га класа.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што атрымаць генеральскія пагоны ў Беларусі цяпер не так проста. Ён нагадаў, што ў свой час запатрабаваў значна скараціць колькасць генеральскіх пасад як ва Узброеных Сілах, так і ў праваахоўных органах. "Гэта і адбылося, амаль у два разы. Канкурэнцыя ўзрасла. Мы вельмі сур`ёзна падыходзім да гэтага, таму што ніяк нельга дэвальваваць званне генерала, як і званне прафесара", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Таму сапраўды найвялікшае дасягненне, найвялікшая праца - стаць генералам у незалежнай Беларусі", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа выказаў удзячнасць ваеннаслужачым за ратную працу, мужнасць і самаадданасць і пажадаў ім шчасця, здароўя і поспехаў у службе на карысць Радзімы.

У Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Прэзідэнт Беларусі таксама ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску.

23 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:23.02.2015
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:976
 
Ключевые слова:
День защитников Отечества Вооружённые силы Армия Праздники Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме