Затрыманы арганізатар незаконнай міграцыі і чацвёра незаконных мігрантаў з Ірака.
Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, устаноўлена, што праз турыстычныя фірмы іракцы забяспечвалі для сябе легальнае прыбыццё ў Беларусь. Але рэспубліка імі разглядалася як транзітная тэрыторыя для наступнага выезду ў краіны ЕС і атрымання там статусу бежанца.
У перыяд знаходжання на тэрыторыі Беларусі іншаземцы выношвалі намеры незаконна парушыць дзяржаўную мяжу ў суседнія еўрапейскія краіны.
Так, дэпартацыяй тэрмінам на пяць гадоў закончылася незаконная спроба грамадзяніна Ірака парушыць мяжу 7 студзеня на ўчастку адказнасці Полацкага пагранічнага атрада.
Падчас разбору быў устаноўлены і затрыманы ў Мінску арганізатар канала — грамадзянін Ірака, які забяспечваў прыбыццё, размяшчэнне нелегалаў і кіраваў іх дзеяннямі.
Падчас мерапрыемстваў міграцыйнага кантролю памежнікам сумесна з супрацоўнікамі міграцыйнай службы ўдалося ўстанавіць месца знаходжання ў Мінску яшчэ двух грамадзян Ірака. Яны таксама знаходзіліся ў Беларусі з пратэрмінаванымі візамі і чакалі магчымасці незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы.
У дачыненні да 57-гадовага грамадзяніна Ірака распачата крымінальная справа за арганізацыю незаконнай міграцыі. Вядуцца далейшыя аператыўна-следчыя дзеянні.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 10 студзеня 2015
Мінск, 10 студзеня 2015