https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З Віцебскай вобласці вывезлі апошнюю партыю непрыдатных шкодных рэчываў


Праект Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры садзейнічанні Праграмы развіцця ААН рэалізоўваецца ў Беларусі са студзеня 2020 года.
У межах праекта небяспечныя адходы вывозяць у Германію для экалагічна бяспечнага знішчэння на спецыялізаваных прадпрыемствах. Перад адпраўкай адходы 1-2 класаў небяспекі пераўпакоўваюцца, узважваюцца і з захаваннем бяспечнай трансгранічнай перавозкі накіроўваюцца на нямецкія спецыялізаваныя прадпрыемствы. Так, да пачатку рэалізацыі мерапрыемстваў агульная вага непрыдатных пестыцыдаў на складах сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей складала больш за 1,4 тысячы тон. Донарам праекта з`яўляецца Глабальны экалагічны фонд, агульны аб`ём фінансавання склаў 8,4 мільёна долараў.

На сёння на тэрыторыях Віцебскай і Гродзенскай абласцей ліквідаваны 21 склад з непрыдатнымі пестыцыдамі, вывезена больш за 900 тон адходаў. Апошнюю партыю з пестыцыдамі адправілі 26 красавіка з Полацкага раёна. На чарзе — Міншчына, дзе знаходзіцца 12 складоў. Мінпрыроды плануе канчаткова завяршыць работы па ачышчэнні ў першым квартале 2024 года.

Праектам таксама прадугледжваецца вываз з тэрыторыі Беларусі адходаў, якія змяшчаюць поліхлараваныя біфенілы. Яны належаць да стойкіх арганічных забруджвальнікаў і прызнаны найбольш небяспечнымі для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. На сёння вывезена ўжо 260 тон такіх адходаў, усяго ў межах праекта плануюць ліквідаваць больш за 1000 тон з 300 беларускіх прадпрыемстваў.

Непрыдатныя пестыцыды — гэта адходы ад работы сельгаспрадпрыемстваў, якія маюць першы клас небяспекі і з`яўляюцца вельмі шкоднымі для іх захоўвання на складах. Каля 500 тон такіх рэчываў — фактычна адпрацаваных ядахімікатаў — знаходзіцца на паверхневых складах у Мінскай вобласці і каля 5000 тон — на Гомельшчыне, а яшчэ ёсць пяць падземных сховішчаў пестыцыдаў прыкладна на чатыры тысячы тон. Мяркуецца, што да канца гэтага года ў Чачэрскім раёне з`явіцца спецыялізаваны завод па спальванні пестыцыдаў, а пазбавіцца ад усіх небяспечных адходаў Беларусь зможа ў першым квартале 2024-га. Аднак найбольш небяспечныя адходы будуць працягваць вывозіць на знішчэнне на заводах у Францыі і Германіі ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6».

Чакаецца, што ўсе непрыдатныя пестыцыды са складоў у Беларусі будуць вывезены за мяжу да моманту завяршэння праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі, паведаміў Аляксандр Корбут, намеснік міністра прыродных рэсурсаў:

— Пестыцыды засталіся беларусам у спадчыну ад савецкага часу (70—80-х гадоў), і за такі доўгі час захоўвання існуе небяспека, што яны могуць наносіць пэўную шкоду наваколлю. Таму ў межах праекта захаванні найперш даследаваліся. Пакуль негатыўных тэндэнцый уплыву на асяроддзе няма. Аднак мы мяркуем падрыхтаваць новы праект, каб можна было дастаць пестыцыды, перапакаваць іх і захоўваць на прадпрыемстве «Чачэрскі» або вывезці на знішчэнне.

На прадпрыемствы ў Францыю і Германію адпраўляюцца найбольш небяспечныя, у прыватнасці ртуцьзмяшчальныя пестыцыды, якія патрабуюць найбольш складаных і тэхналагічных умоў знішчэння. Справу па вывазе можна было б скончыць і раней, аднак яе стрымлівае сітуацыя на мяжы на выезд у Еўрапейскі саюз, удакладніў спецыяліст Мінпрыроды.

На прадпрыемстве, якое да канца года павінна з`явіцца ў Чачэрскім раёне, сіламі беларусаў будуць знішчацца непрыдатныя пестыцыды, якія не ўтрымліваюць ртуць. Зараз спецыялісты абследавалі ўжо каля тысячы бочак, і іх хімічны склад дазваляе быць упэўненым у тым, што яны будуць знішчацца экалагічна бяспечна. А склады, якія ўжо ачышчаны і прыдатны для далейшага выкарыстання, пасля дэзынфекцыі могуць выкарыстоўвацца з іншай мэтай.

Аўтары:
Ірына Сідарок, Аляксандра Гвоздзева
Звязда, 27 красавіка 2023
 
Дата публикации:27.04.2023
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:102
 
Ключевые слова:
Віцебск Экология Пестициды Ртуть Охрана природы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме