Падазраваным ва ўчыненьні асабліва цяжкага злачынства 8 жніўня быў прызнаны мянчук 1978 году нараджэньня, не судзімы, які жыў у адным пад’езьдзе зь Сьвятланай Хіневіч. Мужчына зьяўляецца нарказалежным.
Жанчыну знайшлі ва ўласнай кватэры з мноствам колата-рэзаных ран. Злачынства не зьвязана з прафэсійнай і грамадзкай дзейнасьцю загінулай, носіць побытавы характар, падкрэсьліў Герасімаў.
Падазраваны быў затрыманы ў сваёй кватэры па суседзтве — з шматлікімі рэзанымі ранамі, вялікай стратай крыві, у непрытомным стане. Яго шпіталізавалі. Характар раненьняў сьведчыць пра тое, што ён хацеў зьдзейсьніць суіцыд. 9 жніўня, пасля таго, як падазраваны прыйшоў у сябе, з удзелам адваката пачаліся сьледчыя дзеяньні.
Па крымінальнай справе прызначана каля 20 розных дасьледаванняў, якія правядзе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Праводзіцца шэраг іншых сьледчых і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.
Радыё Свабода, 9 жніўня 2013