Упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці прыняты да вытворчасці крымінальныя справы ў дачыненні да двух ваеннаслужачых Лідскага пагранічнага атрада, якія аказвалі садзеянне асобам, што займаліся нелегальным перамяшчэннем тытунёвых вырабаў у Літву.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, ваеннаслужачыя неаднаразова прадастаўлялі кантрабандыстам службовую інфармацыю аб расстаноўцы пагранічных нарадаў, аказваючы садзеянне ў незаконным перамяшчэнні тытунёвых выбараў па-за пунктамі пропуску.
У ходзе правядзення сумеснай аперацыі па выкрыцці памежнікаў і кантрабандыстаў вечарам 9 жніўня аператыўныя падраздзяленні Дзяржпагранкамітэта сумесна з 9-м упраўленнем галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС па Гродзенскай вобласці затрымалі ў лясным масіве ў Шчучынскім раёне мікрааўтобус з трыма мясцовымі жыхарамі, якія спрабавалі перамясціць цераз мяжу 48 тысяч пачкаў цыгарэт на суму звыш 254 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, па месцы жыхарства аднаго з затрыманых было знойдзена яшчэ 52 тысячы пачкаў цыгарэт на суму больш чым 275 мільёнаў рублёў, падрыхтаваных для нелегальнай перавозкі ў Літву.
У дачыненні да аднаго з ваеннаслужачых распачаты справы па ч. 1 арт. 455 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, учыненае з карыслівай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнага ўрону дзяржаўным інтарэсам) і ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў буйным памеры). Размова ідзе пра суму звыш 2 тысяч долараў ЗША.
У дачыненні да другога ваеннаслужачага распачата справа па ч. 1 арт. 453 КК (парушэнне правілаў нясення пагранічнай службы).
Падазроныя сваю віну поўнасцю прызналі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 21 жніўня 2013