Лідарам па колькасці ўдзельнікаў стаў Мінск, дзе ў работах па добраўпарадкаванні было задзейнічана 635 тыс. чалавек. Сярод рэгіёнаў першынство ў Гомельскай вобласці — 537 тыс. чалавек. У Віцебскай вобласці ўдзельнікамі суботніка сталі 501 тыс. чалавек, Брэсцкай — 492 тыс., Магілёўскай — 463 тыс., Мінскай — 444 тыс., Гродзенскай — 382 тыс. чалавек.
Паводле папярэдніх звестак, зароблена прыблізна 50,5 млрд. рублёў. Найбольш важкі ўнёсак у агульны аб`ём сродкаў, заробленых на суботніку, зрабіў Мінск — 14,7 млрд. рублёў. У Гомельскай вобласці ўдзельнікі суботніка зарабілі 7,3 млрд. рублёў, Магілёўскай — 6,3 млрд., Віцебскай — 6,1 млрд., Брэсцкай — 5,7 млрд., Мінскай — 5,3 млрд., Гродзенскай — крыху больш за 5 млрд. рублёў.
Згодна з папярэднімі звесткамі, аб`ём вытворчасці прамысловай прадукцыі (работ, паслуг) у дзень суботніка ў цэлым па краіне ў наяўных цэнах склаў 87,3 млрд. рублёў, выкананых падрадных работ — 26,8 млрд. рублёў.
Пяцьдзесят працэнтаў грошай, заробленых на рэспубліканскім суботніку, застануцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама і будуць накіраваны на падрыхтоўку да летняга сезона дзіцячых аздараўленчых лагераў, а таксама на мерапрыемствы Года беражлівасці, паведамляе прэс-служба Саўміна. Астатнія 50% будуць выдзелены Міністэрству аховы здароўя на набыццё спецыяльных аўтамабіляў хуткай меддапамогі з поўнай камплектацыяй іх медыцынскай тэхнікай і іншым абсталяваннем, неабходным для правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў.
Як заявіў журналістам намеснік прэм`ер-міністра Пётр Пракаповіч, кіраўнік рабочай групы па арганізацыі і правядзенні рэспубліканскага суботніка, ва ўсіх абласцях праца была арганізавана на высокім узроўні.
Паводле яго слоў, навядзенне парадку ў населеных пунктах краіны будзе працягвацца. "Мы будзем рэкамендаваць усім рабочым групам і ўсім мясцовым органам кіравання прадоўжыць працу там, дзе сёння не ўсё паспелі зрабіць, таму што і паводле ўмоў надвор`я, і іншых умоў немагчыма за адзін дзень у краіне навесці поўны парадак", — растлумачыў Пракаповіч.
На асобных тэрыторыях, дзе праца не завершана, паведаміў ён, будзе рэкамендавана закончыць яе ў найбліжэйшы месяц, "каб уся краіна выглядала дастойна, усюды быў парадак і чысціня". "Тым самым мы забяспечым выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы, якое ён даў ураду і мясцовым органам улады: правесці гэтую працу не пазней за май ў поўным аб`ёме", — рэзюмаваў віцэ-прэм`ер.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 20 красавіка 2013