Самая цяжкая сітуацыя склалася на дарогах Мінскай вобласці, дзе рух быў абцяжараны на 23 участках дарог. Праблемныя ўчасткі былі таксама ў Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Рух не адноўлены на чатырох трасах: Мінск — Гродна (50—59-ты км), Мінск — Гомель (19—76-ты і 125—132-гі км), Мінск — Гатава.
Для расчысткі дарог і ўборкі снегу задзейнічаны 4.093 адзінкі тэхнікі і 20.767 чалавек розных арганізацый. Былі прыцягнуты спецыялісты і тэхніка ДАІ, Міністэрства абароны. Падраздзяленні МНС аказалі дапамогу ў ратаванні са снежных заносаў 363 транспартных сродкаў (легкавыя і грузавыя аўтамабілі, рэйсавыя аўтобусы, аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі), у якіх знаходзіліся 1.172 чалавекі, з іх 260 дзяцей. Забяспечваецца падвоз гарачага харчавання, арганізуюцца месцы часовага размяшчэння грамадзян. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма.
У Мінску па праспекце Незалежнасці, 11, на ўнутрыдваровай тэрыторыі гасцініцы "Мінск" пад цяжарам снегу адбылося абвальванне навесу аўтастаянкі. Пашкоджаны 22 легкавыя аўтамабілі, дэфармаваны рэзервовы ўчастак газаправода (на цеплазабеспячэнне аб`екта не паўплывала). Пацярпелых няма.
У выніку парываў ветру пашкоджаны дахі двух сельскагаспадарчых будынкаў у вёсцы Міжарэвічы Зэльвенскага раёна і ў вёсцы Скраблы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Пацярпелых няма. Аварыйныя брыгады вядуць аднаўленчыя работы.
Паводле звестак ДВА "Белэнерга", з 6 гадзін раніцы 15 сакавіка да 6 гадзін раніцы 16 сакавіка было абясточана 1.688 населеных пунктаў. Адключэнні ўстараняюцца аварыйнымі брыгадамі. Для арганізацыі энергазабеспячэння сельскагаспадарчых аб`ектаў былі задзейнічаны электрагенератары МНС. На 6 гадзін раніцы 16 сакавіка без электразабеспячэння заставалася 305 населеных пунктаў.
У выніку дажджу ў васьмі населеных пунктах Гомельскай вобласці былі падтоплены тры ўчасткі дарог, тры жылыя дамы, 18 падворкаў і восем падвальных памяшканняў. Пацярпелых няма. Падраздзяленні МНС і работнікі іншых арганізцый аказвалі дапамогу насельніцтву ў адпампоўванні вады.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 16 сакавіка 2013