Паводле інфармацыі начальніка штаба аператыўнай групы па дзеяннях у надзвычайных сітуацыях у мірны час Міністэрства абароны палкоўніка Ігара Караля, спецыяльна выдзеленая тэхніка і асабовы склад воінскіх часцей працавалі ўсю ноч на 16 сакавіка. У суботу па зваротах адміністрацый гарадоў і раёнаў адпраўляліся сілы, каб дапамагчы ў расчыстцы не толькі асноўных транспартных артэрый, што злучаюць гарады і райцэнтры, але і вуліц.
Звыш дваццаці воінскіх часцей выдзялялі тэхніку павышанай праходнасці, на заснежаную шашу выйшла і цяжкая інжынерная тэхніка — пуцепракладчыкі "БАТ". Напрыклад, толькі ў Слуцкім раёне на дарогах у ноч на 16 сакавіка працавалі 13 спецмашын 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Воінскія часці Баранавіцкага, Бабруйскага, Барысаўскага гарнізонаў бралі ўдзел у расцягванні аўтамабільных затораў і расчыстцы дарог. Ваеннаслужачыя 15-й зенітнай ракетнай брыгады дапамагалі расчышчаць заторы ў Фаніпалі і Дзяржынскім раёне. У барацьбе са снежнай стыхіяй лепш за ўсё спраўляецца тэхніка аэрадромнага забеспячэння. Магутныя ротары 50-й змешанай авіябазы працавалі ў раёне Слуцкай трасы, захопліваючы пры гэтым і прылеглы ўчастак трасы М1.
У паведамленні зазначаецца, што ніводная буйная воінская часць Мінскага гарнізона не засталася ўбаку — усе дапамагалі вадзіцелям, якія заселі на дарогах. Тэхніка 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 56-га асобнага палка сувязі з Ваеннай акадэміі выцягвала са снежнага палону машыны на ўчастку дарог ад Мінска да мемарыяльнага комплексу "Курган Славы" і Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Апрача гэтага, ваеннаслужачымі 120-й брыгады ў раёне населенага пункта Слабада быў арганізаваны пункт гарачага харчавання, а бензавозы развозілі паліва аўтамабілям, якія зрасходавалі ў заторы свае запасы. 5-й асобнай брыгадай спецыяльнага прызначэння таксама было арганізавана гарачае харчаванне людзей, якія заселі ў пробках у раёне Мар`інай Горкі. У 72-м гвардзейскім аб`яднаным вучэбным цэнтры ваеннаслужачыя і тэхніка дапамагаюць у расчыстцы дарог да сацыяльна значных аб`ектаў.
Ваеннаслужачыя таксама дапамаглі расчышчаць вуліцы сталіцы. Напрыклад, 120-я механізаваная брыгада, 65-я аўтамабільная брыгада накіравалі на вуліцы горада некалькі соцень ваеннаслужачых з тэхнікай. Яны працавалі ў Заводскім, Першамайскім, Савецкім і Цэнтральным раёнах горада. Як паведамілі прадстаўнікі аператыўнай групы па дзеяннях у надзвычайных сітуацыях у мірны час Міністэрства абароны, па запыце грамадзянскіх уладаў у дапамогу для ліквідацыі наступстваў снежнага шторму выдзялялася каля 500 ваеннаслужащых і каля 100 спецмашын, але расчыстку сваіх і прылеглых тэрыторый населеных пунктаў праводзяць абсалютна ўсе воінскія часці.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 17 сакавіка 2013