Аптымізацыя структур органаў пракуратуры і Следчага камітэта абмеркавана 18 студзеня на рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Леанідам Мальцавым, кіраўнікамі Генпракуратуры і Следчага камітэта Аляксандрам Канюком і Валянцінам Шаевым.
"Мы дамаўляліся з вамі, што ў першых чыслах гэтага года вернемся яшчэ раз да разгляду аптымізацыі структур органаў пракуратуры і ствараемага Следчага камітэта, - адзначыў Прэзідэнт. - Вы абяцалі, што сёння даложыце аб тым, як мы будзем аптымізаваць, у тым ліку органы пракуратуры, - яны не павінны застацца ўбаку. Мы разглядалі абласныя цэнтры, нават горад Мінск, дзе мы можам аб`яднаць некаторыя пракуратуры".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходнасць аптымізацыі ў тым ліку звязана са змяненнем функцый пракуратуры пасля стварэння Следчага камітэта. Аднак і ў працэсе фарміравання гэтага новага ведамства высветлілася, што магчыма адмовіцца ад некаторых залішніх структур. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб тым, як рэалізуюцца гэтыя пытанні.
"Адзінае, аб чым папярэджваю, - ні ў якім выпадку не цягнуць коўдру на сябе, ні ў Генеральнай пракуратуры, ні ў Следчым камітэце, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба зыходзіць з таго, быццам бы вы ствараеце сваё асабістае прадпрыемства або арганізацыю, дзе не павінна быць лішніх людзей, і каб не было трат дзяржаўных грошай. Мы павінны знаходзіцца ў рэчышчы той аптымізацыі, якая сёння разгорнута па дзяржаўных служачых".
Паводле слоў Аляксандра Канюка, па шляху аб`яднання асобных пракуратур плануецца пайсці ў Гродне, Брэсце, Магілёве, Віцебску, а таксама гарадах абласнога падпарадкавання, такіх, напрыклад, як Полацк, Орша і Пінск. Асобна будзе вырашана пытанне з Гомелем і Мінскам.
Аналагічны прынцып пры аптымізацыі будзе прымяняцца і да Следчага камітэта. Перад Аляксандрам Канюком і Валянцінам Шаевым пастаўлена задача сумесна рэалізаваць гэтыя планы на падставе адзінай канцэпцыі.
Акрамя таго, Аляксандру Лукашэнку было даложана аб крымінагеннай сітуацыі ў Беларусі. Значна зменшылася колькасць забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў. На чвэрць знізілася колькасць разбояў. У цэлым статыстыка сведчыць аб зніжэнні па выніках года колькасці зарэгістраваных злачынстваў больш як на 22 працэнты.
18 студзеня 2013, Мінск
БЕЛТА