https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


А.Лукашэнка даручыў у маі завяршыць падрыхтоўку законапраекта аб змяненнях у Выбарчы кодэкс


Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Да змяненняў у выбарчым заканадаўстве трэба падыходзіць з пункту гледжання мэтазгоднасці, неабходнасці, запатрабаванасці беларускім грамадствам, адкінуўшы ўсе палітызаваныя, надуманыя ўстаноўкі і тыя, што навязваюцца звонку. Аб гэтым 31 студзеня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанню ўдасканалення выбарчага заканадаўства.

Адкрываючы нараду, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час была дамоўленасць абмеркаваць усе прапановы, заявы і нараканні наконт выбарчай сістэмы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з 2000 года ў Беларусі дзейнічае Выбарчы кодэкс, на падставе якога ў краіне былі праведзены чатыры парламенцкія выбарчыя кампаніі і адзін рэспубліканскі рэферэндум, тройчы праходзілі выбары кіраўніка дзяржавы і дэпутатаў мясцовых Саветаў. "Нягледзячы на папрокі нашых апанентаў, праведзеныя ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам выбары былі сумленнымі, адкрытымі, далі магчымасць забяспечыць волевыяўленне беларускага народа. Гэта сведчыць аб тым, што ў цэлым у нас выпрацаваны прававы механізм арганізацыі і правядзення выбараў. Ён працуе даволі дакладна і эфектыўна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт лічыць, што, як любая працэдура, такі механізм не можа заставацца ў нязменнай, застылай форме. "Аднак яго ўдасканаленне не павінна прывесці да ломкі ўжо існуючых і стабільна функцыянуючых інстытутаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што гэта пытанне ён перад нарадай абмяркоўваў са старшынёй Канстытуцыйнага суда. "Ніводны нарматыўна-прававы акт не можа быць дадзены раз і назаўсёды. Жыццё дынамічна змяняецца. Таму і нарматыўна-прававыя акты павінны паспяваць за бурнымі зменлівымі патокамі нашага жыцця. Дапускаючы некаторыя змяненні ў выбарчым працэсе, мы павінны зыходзіць з жыцця, ставячы перад сабой пытанне: нам гэта трэба, ёсць праблемы ў гэтым, якія праблемы?" - сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка прывёў просты прыклад: "Існуе меркаванне, што трэба было б прадаставіць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты грамадскім арганізацыям. У нас тысячы грамадскіх арганізацый, па-першае. Па-другое, адразу задаём пытанне: навошта? У нас што, дэфіцыт вылучэнняў кандыдатамі ў дэпутаты, ёсць праблемы з тым, што не хапае кандыдатаў у дэпутаты? Хапае, хоць гаць гаці. Дык навошта мы тады ўносім такія прапановы? Каб некаму спадабацца, або наперад забегчы?"

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "вось з гэтых жыццёвых пазіцый перш за ўсё трэба падыходзіць да тых ці іншых змяненняў і дапаўненняў".

"Давайце да змяненняў падыходзіць з пункту гледжання мэтазгоднасці, неабходнасці таго ці іншага змянення, запатрабаванасці нашым грамадствам, каб мы для сябе не стварылі нейкіх праблем", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На яго думку, удасканаленне выбарчага заканадаўства павінна быць накіравана на прыняцце мер, якія забяспечваюць максімальную рэалізацыю грамадзянамі сваіх выбарчых правоў і ў той жа час даюць магчымасць процідзейнічаць спробам дэзарганізацыі выбараў. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што цяперашні Выбарчы кодэкс гэтаму пакуль адпавядае. "У нас праходзілі выбары на самым высокім узроўні. Адкінем тыя ангажыраваныя ацэнкі, якія выдавалі некаторыя нашы апаненты, а паглядзім на рэальную карціну, водзывы нашых добразычліўцаў, нейтральных людзей. Яны зайздросцяць таму ўзроўню выбараў, на якім яны праходзяць у нас. Усе гавораць, што гэта не толькі сур`ёзныя выбары грамадзянскай супольнасці, але і свята для людзей", - сказаў Прэзідэнт.

"Можна прыгледзеццца і да рэкамендацый АБСЕ, выпрацаваных па выніках назірання за парламенцкімі выбарамі 2012 года. Аднак гэта не азначае, што мы згодны з усімі падыходамі АБСЕ, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ж цудоўна разумеем, чаго хочуць ад нас людзі з АБСЕ. Мы гэта добра ведаем, мы ўжо гэта на практыцы памацалі. Таму рэагуючы на іх заўвагі, а там, зразумела, ёсць нармальныя заўвагі, мы павінны бачыць і той падтэкст, які стаіць за гэтымі прапановамі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна памятаць аб тым, што "ў Беларусі ўдасканальваецца нацыянальнае заканадаўства зыходзячы з інтарэсаў беларускага грамадства, а не па чыёйсьці ўказцы". "У гэтым выпадку як ніколі дарэчы слушная беларуская народная мудрасць - людзей слухай, а свой розум май!" - дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Нам трэба адкінуць усе палітызаваныя, надуманыя ўстаноўкі і тыя, што навязваюцца звонку. Але пры гэтым уважліва прааналізаваць прапановы, якія адпавядаюць нашым нацыянальным інтарэсам, якія мы можам сёння прымаць", - адзначыў Прэзідэнт.

Нарада па сутнасці стала дыскусіяй аб перспектывах развіцця выбарчага заканадаўства, на якой абмяркоўваліся прапановы Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў і рэкамендацыі экспертаў міжнародных інстытутаў, у тым ліку АБСЕ.

Акрамя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай свае погляды на абмяркоўваемыя пытанні прадставілі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, дзяржсакратар Савета Бяспекі Леанід Мальцаў, губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура і іншыя ўдзельнікі нарады. Напярэдадні сустрэчы ў Прэзідэнта ўдасканаленне выбарчага заканадаўства ўжо абмяркоўвалася прыкладна ў тым жа складзе, аднак па многіх пытаннях адзінай пазіцыі выпрацаваць не ўдалося, а таму дыскусія была вынесена на ўзровень кіраўніка дзяржавы.

Усе прапановы па ўдасканаленню выбарчага заканадаўства былі прадметна абмеркаваны, і ўдзельнікі сустрэчы сышліся на думцы аб неабходнасці дадатковай прапрацоўкі некаторых пытанняў і падрыхтоўкі пакета дакументаў, галоўным з якіх стане праект закона аб унясенні змяненняў у Выбарчы кодэкс Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта выпрацаваць узгодненыя прапановы з улікам вынікаў нарады і папрасіў кіраўнікоў парламента актыўна падключыцца да гэтага працэсу. Падрыхтоўка адпаведнага законапраекта павінна быць завершана ў маі гэтага года, пасля чаго ён будзе прадстаўлены кіраўніку дзяржавы для ўнясення ў парламент.

"Мы не ставім сёння за мэту штосьці змяніць. Мы вядзём дыскусію аб удасканаленні заканадаўства. Гэта, дарэчы, тое, што я абяцаў пасля апошніх выбараў. Мы паглядзім прапановы, і калі гэта нам падыходзіць сёння - мы прымем, не - значыць, не прымем. Ёсць прапановы, з якімі можна згадзіцца, можа, з`явяцца новыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыла па выніках нарады Лідзія Ярмошына, дакумент павінен максімальна ўлічваць як нацыянальныя інтарэсы, так і міжнародныя стандарты.

З канцэптуальных пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, большасцю ўдзельнікаў нарады не была падтрымана ініцыятыва аб прадастаўленні рэспубліканскім грамадскім арганізацыям права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. На думку кіраўніка ЦВК, адмова ад гэтай ідэі ў тым ліку задаволіць палітычных апанентаў, якія актыўна выступалі супраць гэтага новаўвядзення.

Іншыя ініцыятывы ЦВК у цэлым атрымалі падтрымку. Гэта, у прыватнасці, датычыцца пераходу да прынцыпу адноснай большасці на парламенцкіх выбарах у першым туры. Гэта дасць магчымасць спрасціць выбарчую кампанію і скараціць расходы.

Абмеркавана таксама прапанова па павелічэнню асабістых выбарчых фондаў кандыдатаў і дазволу ўтварэння такіх фондаў для кандыдатаў у дэпутаты мясцовага ўзроўню.

Шэраг прапаноў быў звязаны з увядзеннем некаторых папераджальных мер у перадвыбарную агітацыю, у тым ліку прымяняльна да працэдуры байкоту. Удзельнікі нарады згадзіліся з прапановамі ЦВК аб тым, што гэта дзейнасць, накіраваная на зрыў выбараў, павінна быць выведзена з выбарчага заканадаўства і з перадвыбарнай дзейнасці як такой і весціся асобна, але не кандыдатамі ў дэпутаты. Знамянальна, што, напрыклад, у Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах - удзельніцах СНД змешчана спасылка на забарону байкоту выбараў.

Падтрымана таксама прапанова аб тым, каб выраб лістовак і плакатаў кандыдатамі аплачваўся за кошт асабістых сродкаў, а не бюджэту. Вызваленыя рэсурсы прапануецца перадаць выбаркамам для больш шырокага інфармавання выбаршчыкаў аб кандыдатах. Гэта звязана са скаргамі грамадзян аб недастатковым аб`ёме інфармацыі напярэдадні выбараў.

Акрамя таго, магчымы змяненні ў правілах правядзення мясцовых выбараў у частцы ўзроўню Саветаў дэпутатаў, для чаго спатрэбіцца карэкціроўка некаторых заканадаўчых актаў.

31 студзеня 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:31.01.2013
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2268
 
Ключевые слова:
Законодательство Избирательный кодекс Выборы в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме