"Камітэтам дзяржаўнай бяспекі спынена супрацьпраўная дзейнасць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Андрэя Гайдукова, які займаўся паводле задання замежнай разведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару. Згаданы грамадзянін затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы", — сказаў начальнік ЦІГС Аляксандр Антановіч.
У дачыненні да Гайдукова распачата справа на падставе ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), "праводзіцца комплекс аператыўна-вышуковых і следчых мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне іншых эпізодаў яго супрацьпраўнай дзейнасці". Затрыманы змешчаны ў СІЗА КДБ.
Дваццацідвухгадовы Андрэй Гайдукоў з`яўляецца ўдзельнікам аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), працуе аператарам на наваполацкім "Нафтане".
Пра затрыманне Гайдукова раней паведаміла каардынатар БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
Паводле яе слоў, ён быў затрыманы яшчэ 8 лістапада. "Сам Гайдукоў з Наваполацка, але быў затрыманы ў Віцебску. У той жа дзень затрымалі ў Полацку яшчэ аднаго актывіста БХД — Ілью Багданава. Аднак Багданаў хутка быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, і з яго ўзята падпіска аб неабвяшчэнні тайны следства. Гайдукоў жа адразу быў адпраўлены ў Мінск, у следчы ізалятар КДБ. 11 лістапада ён туды прыбыў, 12 лістапада яго сябры перадалі яму перадачу", — паведаміла Севярынец.
Яна зазначыла, што абодва чалавекі актыўнага ўдзелу ў дзейнасці аргкамітэта па стварэнні БХД не бралі. "Яны не былі ўключаны ў сур`ёзную працу. Таму я нават не магу зразумець, з-за якой прычыны яны з`яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы і што яны зрабілі, каб ім інкрымінаваўся такі сур`ёзны артыкул", — заўважыла Севярынец.
Артыкул 356 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі згодна з часткай 1 і аж да смяротнай кары — згодна з часткай 2 (здрада дзяржаве, звязаная з забойствам).
БелаПАН
Мінск, 13 лістапада 2012