З пачатку сезона нарыхтоўкі лясных ягад дзяржаўная лясная ахова Міністэрства лясной гаспадаркі павялічыла колькасць рэйдаў, скіраваных на кантроль выканання грамадзянамі правіл нарыхтоўкі дзікарослых ягад і грыбоў.
У Мінлясгасе адзначаюць, што асобная ўвага звяртаецца на ягадныя месцы ў лясным фондзе, а таксама месцы масавага адпачынку. Акрамя кантролю за зборам ягад, лясная ахова правярае выкананне адпачывальнікамі правіл пажарнай бяспекі, а таксама прадухіляе парушэнні, звязаныя з засмечваннем лясоў.
З пачатку сезона нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў у выніку рэйдавых мерапрыемстваў дзяржаўнай лясной аховы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш як 300 парушальнікаў паводле арт.15.26. КоАП (парушэнне правіл нарыхтоўкі, збору ці закупкі грыбоў, іншых дзікарослых раслін ці іх частак).
Акрамя таго, за парушэнне правіл пажарнай бяспекі ў лясах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 215 парушальнікаў, за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах ляснога фонду — 113, за засмечванне лясоў — 1.553.
Мінлясгас нагадвае, што артыкул 15.26. КоАП прадугледжвае буйныя штрафы — да 20 базавых велічынь на грамадзян, да 100 — на індывідуальных прадпрымальнікаў і да 500 — на юрыдычныя асобы.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 ліпеня 2012