https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 23 верасня


Пра гэта паведаміў 18 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай выбарчай кампаніі.
Ён запатрабаваў "неадкладна спыняць" любыя незаконныя дзеянні і палітычныя правакацыі падчас парламенцкіх выбараў. "Відавочна, што вядзенне перадвыбарнай агітацыі не можа ажыццяўляцца паводле правіл масавых вулічных акцый. Задача праваахоўных органаў — не дапусціць перарастання перадвыбарных сустрэч у такія мерапрыемствы. Правапарадак павінен быць забяспечаны паўсюдна", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Ён таксама паставіў задачу стварыць спрыяльную атмасферу для дзейнасці міжнародных назіральнікаў. "Пры гэтым хачу заўважыць: ніякіх міжнародных назіральнікаў, як гэта было раней, цягнуць у краіну волакам мы не будзем. У той жа час ахвотным паглядзець, як праходзяць выбары ў Беларусі, мы павінны такое права даць", — адзначыў Лукашэнка.

"Ні пад каго звонку мы не павінны падстройвацца і не будзем гэтага рабіць", — заявіў кіраўнік дзяржавы. "Выбары праводзяцца для беларускага народа і выключна ў яго інтарэсах. Беларусь — суверэнная дзяржава і не прыме ніякага ўмяшання", — папярэдзіў ён.

Лукашэнка заявіў пра неабходнасць уважлівага фарміравання выбарчых камісій. "Прыняцце рашэнняў аб іх утварэнні трэба ажыццяўляць, як гэтага патрабуе закон, адкрыта, з удзелам палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Прадстаўнікоў партый, незалежна ад іх палітычных поглядаў, якія дастойна зарэкамендавалі сябе пры правядзенні ранейшых выбарчых кампаній, трэба ўключаць у склад выбаркамаў. Тыя ж, хто раней садзейнічаў дэзарганізацыі выбараў, не павінны атрымаць другога такога шансу", — сказаў ён.

Што да кандыдатаў у дэпутаты, то, як адзначыў Лукашэнка, "усіх, хто мае права быць зарэгістраваным, трэба рэгістраваць". "Мясцовыя органы ўлады павінны даць гарантыі вядзення перадвыбарных грамадскіх мерапрыемстваў на ўмовах не горшых, чым гэта было пры правядзенні выбараў прэзідэнта краіны ў 2010 годзе", — распарадзіўся Лукашэнка.

19 чэрвеня ў 11.00 пачнецца пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якім будуць прыняты дакументы, што вызначаюць галоўныя арганізацыйныя пытанні выбарчай кампаніі, паведаміла ў канцы мінулага тыдня кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.

Чакаецца, што да пасяджэння ЦВК Лукашэнка падпіша ўказ аб правядзенні выбараў.

Паводле слоў Ярмошынай, у парадак дня пасяджэння ЦВК уключана 15 пытанняў. Плануецца зацвердзіць апісанне выбарчых акруг па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, метадычныя растлумачэнні, якія будуць тычыцца парадку правядзення выбараў, два асобныя каляндарныя планы — па выбарах дэпутатаў і членаў Савета Рэспублікі. "Я б сказала, што гэта асноватворнае пасяджэнне ЦВК", — падкрэсліла кіраўнік камісіі.

Зварот групы грамадзян па змене выбарчага заканадаўства (групу ўзначальвае экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус), які паступіў ў ЦВК у канцы мая, на заўтрашнім пасяджэнні разглядацца не будзе, паведаміла Ярмошына.

"Акрамя праверкі, якую праводзіць Цэнтральная выбарчая камісія, мы накіроўваем праект закона, які ўносіцца групай грамадзян, для заключэння ў Міністэрства юстыцыі. Міністэрству юстыцыі даецца месячны тэрмін на выпрацоўку сваёй пазіцыі, які заканчваецца 28 чэрвеня. Пакуль Міністэрства юстыцыі гэты дакумент у ЦВК не падало", — растлумачыла яна.

Апазіцыйныя палітыкі заяўляюць пра гатоўнасць да выбарчай кампаніі. Пры гэтым адзінства адносна ўдзелу ў кампаніі або яе байкоту ў іх няма.

Напрыклад, Партыя БНФ і АГП найбліжэйшымі днямі вызначаць даты з`ездаў, на якіх будуць вылучаць патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты.

Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), наадварот, рыхтуецца да актыўнага байкоту выбарчай кампаніі.

Сустаршыня аргкамітэта БХД экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі заявіў, што прызначаныя на 23 верасня выбары ўжо цяпер можна лічыць "несвабоднымі і недэмакратычнымі", бо ніводнае з патрабаванняў апазіцыі не выканана. У ліку такіх патрабаванняў — вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных, змена выбарчага заканадаўства, заканадаўства аб СМІ, грамадскіх арганізацыях і палітычных партыях.

Рымашэўскі заклікаў усе дэмакратычныя сілы краіны "ўжо сёння даць агульную ацэнку гэтым выбарам". "Гэтая сумесная заява павінна быць, у першую чаргу, накіравана да беларускага грамадства. Яна павінна стаць глебай аб`яднання ўсіх сіл, якія дзейнічаюць не пад кантролем уладаў", — заявіў палітык.

БелаПАН
Мінск, 18 чэрвеня 2012
 
Дата публикации:18.06.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2776
 
Ключевые слова:
Выборы в Беларуси Парламент
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме