Як паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, "па сутнасці, гэты каляндарны план выкладзены ў кодэксе, дзе распісаныя ўсе тэрміны", але прыняты дакумент "пераведзены ў фармат канкрэтных дат".
Паводле слоў Лазавіка, вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій пройдзе не пазней за 6 ліпеня, а іх утварэнне — не пазней за 9 ліпеня. Участкі для галасавання будуць створаныя да 21 ліпеня.
Вылучэнне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі пройдзе да 5 жніўня, а сфарміраваныя яны павінны быць не пазней за 8 жніўня.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе праходзіць з 15 ліпеня па 13 жніўня, а іх рэгістрацыя — з 14 па 23 жніўня.
Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пройдзе з 2 па 31 жніўня, іх абранне — з 6 па 25 верасня.
У плане таксама ўказаныя даты іншых арганізацыйных мерапрыемстваў па правядзенні выбараў. План будзе размешчаны на сайце ЦВК і апублікаваны ў СМІ.
Як адзначыла на пасяджэнні старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што выбары членаў Савета Рэспублікі неабходна ажывіць. "Патэнцыяльныя кандыдаты павінны больш сустракацца з мясцовымі Саветамі, кожны дэпутат мясцовага ўзроўню павінен абсалютна свядома выказацца за тую ці іншую кандыдатуру", — адзначыла кіраўнік ЦВК.
БелаПАН, 19 чэрвеня 2012