Кажучы пра сітуацыю ў Беларусі, Freedom House зазначае, што націск на палітычную апазіцыю, які пачаўся ў перыяд прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 года, атрымаў працяг і ў 2011 годзе. У прыватнасці падкрэсліваецца, што на сотні ўдзельнікаў пратэстаў аказваўся націск, іх затрымлівалі і прыгаворвалі да турэмнага зняволення. Апрача таго, летам 2011 года беларускі рэжым "адказаў празмерным прымяненнем сілы да ўдзельнікаў акцый маўклівых пратэстаў". Яшчэ адна хваля рэпрэсій пачалася, калі з-за палітычна матываваных прычын быў арыштаваны і затым асуджаны вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Для ацэнкі сітуацыі з дэмакратыяй Freedom House выкарыстоўвае сем параметраў, у тым ліку становішча грамадзянскай супольнасці, якасць выбарчага працэсу, становішча СМІ, узровень карупцыі.
Згодна з гэтымі параметрамі, да дэмакратычных краін Freedom House аднесла Македонію, Сербію, Чарнагорыю, Харватыю, да "гібрыдных рэжымаў" — Грузію, Малдову і Украіну, да аўтарытарных — Азербайджан, Беларусь, Кыргызстан, Расію, Туркменістан і Узбекістан. Пры гэтым, паводле ацэнкі праваабарончай арганізацыі, сітуацыя з правамі чалавека горшая, чым у Беларусі, толькі ў Туркменістане і ва Узбекістане.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 чэрвеня 2012