Як паведаміла жонка актывіста Алена Каваленка, ёй стала вядома, што галадоўку Сяргей аднавіў 8 мая. Ён па-ранейшаму пратэстуе супраць незаконнага, на яго думку, прысуду. "Апрача таго, ён патрабуе вызвалення палітзняволеных, свабоды для нацыянальнай сімволікі", — сказала жонка актывіста.
Зараз Сяргей Каваленка знаходзіцца ў віцебскім следчым ізалятары № 2. Як зазначыла Алена, яе муж перапыняў галадоўку на час яго накіроўвання ў красавіку ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі), дзе амаль на працягу месяца праводзілі экспертызу яго псіхічнага здароўя. "Калі б ён не спыніў галадоўку, то быў бы прызнаны нездаровым псіхічна. Каб даказаць, што ў яго гэтага дыягназу няма, што галадоўка — гэта свядомае рашэнне ў знак пратэсту, Сяргей быў вымушаны спыніць галадаць", — заўважыла жонка зняволенага.
"Зараз ён вельмі хворы. Сумленны чалавек з медперсаналу ў Навінках сказаў, што Сяргей паступіў да іх у крытычным стане з вагой прыблізна 40 кілаграмаў. Як маглі, медыкі за тыя тры тыдні, што ён там знаходзіўся, выцягнулі крышку яго здароўе. Але ўсё роўна выпісваўся ён з цэлым шэрагам праблем з унутранымі органамі", — падкрэсліла Алена Каваленка.
Яна мяркуе, што ў адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі, якія падпісала Беларусь, у тым ліку аб правах чалавека, Сяргей Каваленка мае права на атрыманне медыцынскай дапамогі.
"Зыходзячы з таго, што зараз адбываецца з Сяргеем, я раблю выснову, што ўлада і сілавыя органы проста мэтанакіравана яго знішчаюць. Мне незразумела, за што? За тое, што ён любіць родную мову? За тое, што ён беларус? За тое, што ён паважае нацыянальную гістарычную сімволіку?" — задаецца пытаннямі Алена Каваленка.
Сяргей Каваленка знаходзіцца ў зняволенні з 19 снежня 2011 года. 24 лютага 2012 года суд Першамайскага раёна Віцебска прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, — тры гады пазбаўлення волі ўмоўна.
Разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі адновіцца 18 мая ў Віцебскім абласным судзе.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 12 мая 2012