https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Куляшоў вызвалены ад пасады міністра ўнутраных спраў


Анатоль Куляшоў вызвалены ад пасады міністра ўнутраных спраў Беларусі з залічэннем яго ў распараджэнне МУС. Адпаведны ўказ падпісаў 11 мая Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Новым кіраўніком МУС прызначаны Ігар Шуневіч, які займаў дагэтуль пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальніка крымінальнай міліцыі.

Афіцыйная прычына адстаўкі Куляшова не называецца. Па адной з версій, зняцце яго з пасады звязанае са станам здароўя. Чуткі пра хваробу Куляшова з`явіліся яшчэ ў канцы 2011 года, апошнія два месяцы міністр знаходзіўся на бальнічным.

Анатоль Куляшоў нарадзіўся ў 1959 годзе ў горадзе Алі-Байрамлы (Азербайджан). У 1986 годзе скончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР, у 1992 годзе — Акадэмію МУС СССР. Генерал-лейтэнант міліцыі. У 1977—1979 гадах праходзіў службу ва Узброеных сілах. Працаваў на розных пасадах у сістэме органаў унутраных спраў ад радавога міліцыянера да першага намесніка міністра, доўгі час — у крымінальным вышуку. У 2003 годзе ўзначаліў галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Са жніўня па снежань 2008 года — намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі. У снежні 2008 года быў прызначаны першым намеснікам міністра ўнутраных спраў — начальнікам крымінальнай міліцыі МУС Беларусі. У чэрвені 2009 года ўзначаліў МУС.

Куляшоў вядомы жорсткай палітыкай у дачыненні да апазіцыі. На прэс-канферэнцыі 26 студзеня 2011 года ён заявіў, што асабіста камандаваў дзеяннямі праваахоўных органаў на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня 2010 года, калі быў разагнаны мітынг нязгодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў. "Заўсёды ёсць старшы аператыўны начальнік. Непасрэдна на плошчы камандаваў я", — сказаў Куляшоў.

Пасля летніх акцый пратэсту МУС ініцыявала прыняцце паправак у заканадаўства, якія робяць больш жорсткімі ўмовы дзейнасці партый і грамадскіх аб`яднанняў, а таксама парадак правядзення масавых мерапрыемстваў.

У жніўні мінулага года Куляшоў публічна прызнаў, што гэта ён дазволіў супрацоўнікам праваахоўных органаў працаваць у цывільным аддзенні на акцыях маўклівага пратэсту. Падчас прамой тэлефоннай лініі ў газеце "Комсомольская правда в Белоруссии" ён падкрэсліў, што кіраўнік МУС мае права вызначаць форму адзення "з улікам абставінаў справы, для кожнай задачы". Як вядома, летам 2011 года людзі ў цывільным, не называючыся, жорстка разганялі і затрымлівалі ўдзельнікаў акцый маўклівага пратэсту, якія праходзілі па ініцыятыве інтэрнэт-супольнасці "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі", у тым ліку выпадковых прахожых і журналістаў.

Новы кіраўнік МУС Ігар Шуневіч нарадзіўся ў 1967 годзе ва Украіне (Луганская вобласць). У 1992 годзе скончыў Акадэмію міліцыі МУС Беларусі. Служыў на розных пасадах у сістэме органаў унутраных спраў Беларусі. Прайшоў шлях ад радавога следчага да намесніка начальніка УУС Мінскага аблвыканкама. У 2007—2012 гадах працаваў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі, дзе ўзначальваў следчае ўпраўленне, а затым — галоўнае ўпраўленне па контрразведвальным забеспячэнні праваахоўных і кантрольных органаў, барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. У студзені 2012 года быў прызначаны першым намеснікам міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальнікам крымінальнай міліцыі.

Прызначаючы Шуневіча на пасаду першага намесніка міністра, Аляксандр Лукашэнка заклікаў яго "рыхтавацца да больш сур`ёзных задач, якія давядзецца выконваць". "Галоўнае — без аглядкі браць на сябе адказнасць і, натуральна, адказваць за прынятыя рашэнні", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Я думаю, той вопыт, які вы набылі ў КДБ, вельмі вам карысны, але наогул вы прафесійны спецыяліст Міністэрства ўнутраных спраў, вы служылі на ўсіх пасадах у МУС, ведаеце яго знутры, добра ведаеце следства. Гэта таксама для нас вельмі важна. Але самае галоўнае — работа ў КДБ (а ў апошні час вы якраз займаліся кантролем, можна прама сказаць, работы праваахоўных органаў) дала вам магчымасць убачыць знутры ўсе праблемы Міністэрства ўнутраных спраў", — заявіў у студзені Лукашэнка.

"Раю вам з першага ж дня паказаць, што вы не проста чалавек, які прыйшоў з КДБ у МУС, як гэта ў нас любяць гаварыць і папісваць асобныя пісакі, што, маўляў, у нас ледзь не барацьба ідзе паміж КДБ, МУС і гэтак далей. Павінен сказаць: што КДБ, што МУС — гэта дзве структуры, якія працуюць на дзяржаву. Але, прыйшоўшы туды, вы павінны дакладна паказаць, што прыйшоў спецыяліст, які ведае знутры МУС і паглядзеў збоку на гэтую структуру", — даваў наказ Шуневічу Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 11 мая 2012
 
Дата публикации:11.05.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2683
 
Ключевые слова:
Кадровые перестановки МВД Беларуси Национальная безопасность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме