Падставай для распачынання крымінальнай справы з`явіўся факт прывядзення ў дзеянне 19 красавіка 2012 года ў 13.58 самаробнага прыстасавання для ажыццяўлення дзеянняў тэрарыстычнай скіраванасці ў гандлёвай зале аднаго з магазінаў у цэнтральнай частцы Гомеля, гаворыцца ў паведамленні УКДБ.
Упраўленнем КДБ па Гомельскай вобласці ва ўзаемадзеянні са Следчым камітэтам, пракуратурай вобласці, экспертамі-крыміналістамі УУС аблвыканкама "праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы".
"Атрыманыя аператыўныя звесткі, а таксама элементы самаробнага прыстасавання, іншыя прыкметы сталі падствай для адпрацоўкі версіі аб "разборках" паміж арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі з ліку замежных грамадзян, якія прыбываюць пад выглядам навучання ў ВНУ г. Гомеля", — зазначаецца ў паведамленні.
У пачатку красавіка ўпраўленнем КДБ па Гомельскай вобласці "была атрымана інфармацыя аб актывізацыі дзейнасці г.з. менеджараў, якія прыбылі ў Гомель для арганізацыі паступлення ў ВНУ значнай колькасці наваучэнцаў з Сірыі, Емена, Пакістана і Нігерыі". "Раней прыбыцця такога кшталту пасрэднікаў не назіралася, а арганізацыя паступлення ажыццяўлялася ва ўстаноўленым парадку праз Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь", — падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.
Асобныя элементы прыстасавання, знойдзеныя на месцы ўчынення злачынства, "не вырабляліся ў Беларусі і ўказваюць на іх замежнае паходжанне". Па выніках прагляду запісаў відэакамер назірання, аналізу тэлефонных злучэнняў і іншых звестак следчымі і аператыўнымі падраздзяелннямі арганізаваны вышук дзвюх асоб ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў, сярэдняга росту. Адзін з падазроных — каржакаватага целаскладу, носіць кароткую бараду, на твары ярка выражаны шрам. Следства адпрацоўвае "і іншыя найбольш верагодныя версіі".
УКДБ звяртае ўвагу на актывізацыю дзейнасці арганізатараў каналаў нелегальнай міграцыі "з краін з тэрарыстычнай актыўнасцю і на ўкраінскай тэрыторыі". Паводле афіцыйных звестак Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны, толькі ў першым квартале гэтага года затрымана 390 нелегальных мігрантаў, канфіскавана 181 адзінка зброі, больш за 6 тыс. боепрыпасаў і амаль 6 кг выбуховых рэчываў. З улікам геаграфічнай блізкасці Гомеля да сумежнай тэрыторыі следства "вывучае прадастаўленыя ананімна звесткі аб узаемасувязі асоб, якія адшукваюцца, з падзеямі, што адбыліся ў Адэсе" (па ўсім відаць, размова ідзе аб выкрыцці банды чачэнскіх баевікоў, якія рыхтавалі замах на кандыдата ў прэзідэнты Расіі Уладзіміра Пуціна. — БелаПАН.).
Грамадзян, якім вядома якая-небудзь інфармацыя, што мае значэнне для расследавання крымінальнай справы, устанаўлення і вышуку асоб, датычных да арганізацыі злачынства, просяць звяртацца па тэлефоне даверу ў УКДБ па Гомельскай вобласці 127.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 22 красавіка 2012