Паводле яго слоў, сёння раніцай заяўнікі акцыі наведалі Мінгарвыканкам, дзе ім быў уручаны пісьмовы дазвол на правядзенне ў сталіцы 26 красавіка гэтай штогадовай акцыі. Арганізатары таксама абмеркавалі з прадстаўнікамі сталічнай адміністрацыі тэхнічныя пытанні, звязаныя з правядзеннем шэсця і мітынгу.
Заяўка на правядзенне акцыі была пададзеная 10 красавіка. Арганізатары прасілі дазволіць шэсце з 18.30 да 19.30 ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук па вуліцы Сурганава да парка Дружбы Народаў, дзе яны маюць намер правесці гадзінны жалобны мітынг.
Завяршыць мерапрыемства плануецца ўскладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар абраза Божай Маці "Спатоленне загінулых", што побач з паркам.
Раней арганізатары "Чарнобыльскага шляху — 2012" заяўлялі, што маюць намер правесці яго "пад знакам патрабавання адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС". Акрамя экалагічнай тэмы на "Чарнобыльскім шляху" будуць уздымацца і іншыя актуальныя пытанні, галоўнае з якіх — вызваленне палітвязняў.
"Чарнобыльскі шлях" праводзіцца штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, якое заканчваецца мітынгам прадстаўнікоў дэмсіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 20 красавіка 2012