https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Андрэй Саннікаў: Пакуль я не ведаю, на якім свеце знаходжуся


Больш за паўсотню чалавек сабралася ноччу 15 красавіка на Прывакзальнай плошчы Мінска, каб сустрэць Андрэя Саннікава, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, вызваленага вечарам 14 красавіка з віцебскай папраўчай калоніі.
У Мінск Саннікава прывезлі а другой гадзіне ночы на аўтамабілі з Віцебска яго паплечнікі па грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Сустракалі палітыка журналісты, актывісты  "Маладой Беларусі" і іншых грамадскіх аб`яднанняў, бацькі яго жонкі Ірыны Халіп.

Сама Ірына сустрэць мужа не змагла, бо таксама асуджана па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года, прыгаворана да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады і, згодна з правіламі адбывання пакарання, не можа выходзіць з кватэры ў начны час.

Наконт гэтага Саннікаў заўважыў: "Мая жонка ўсё яшчэ знаходзіцца ў заложніках. Мяне вызвалілі менавіта ў той час, калі сама яна мяне сустрэць не можа".

"Пакуль не ведаю, на якім я свеце знаходжуся. Не магу нічога казаць пра планы, я яшчэ не бачыў сваю сям`ю. Думаю, пазней мы збяром усіх", — сказаў экс-кандыдат, падкрэсліўшы пры гэтым неабходнасць працягваць барацьбу за вызваленне іншых палітзняволеных.

Саннікаў падзякаваў усім прысутным за падтрымку і салідарнасць. Ён падкрэсліў, што яго вызваленне стала магчымым, у першую чаргу, дзякуючы салідарнасці беларусаў, да якой затым падключылася міжнародная супольнасць.

На пытанне БелаПАН, калі ўсё ж такі ім было напісана прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, Саннікаў адказаў: 20 лістапада 2011 года. Такім чынам, ён абверг заявы прадстаўнікоў МУС, якія сцвярджалі, што прашэнне было напісана 23 снежня, а 23 студзеня — перададзена ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта.

Андрэй Саннікаў быў вызвалены з калоніі "Віцьба-3" вечарам 14 красавіка на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Саннікаў, паводле звестак ЦВК, набраў 2,43% галасоў выбаршчыкаў, заняўшы другую паліцыю пасля Лукашэнкі з 79,65%.

Ён быў арыштаваны вечарам 19 снежня, пасля разгону мітынгу грамадзян, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў, Саннікаў быў арыштаваны і з таго часу знаходзіўся ў зняволенні. У маі 2011 года яго прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня.

У канцы студзеня жонка Саннікава паведаміла, што пад уздзеяннем катаванняў і пагроз на адрас сям`і ён вымушаны быў напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Гэтую інфармацыю абвергла МУС.

5 красавіка на нарадзе па знешняй палітыцы Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам разгледзіць пытанне аб памілаванні некаторых асуджаных апазіцыйных палітыкаў. "Вельмі шмат апошнім часам гавораць пра нейкіх палітзняволеных. У нас у Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, сваякі зняволеных пачынаюць яго папракаць тым, што ён абяцаў іх памілаваць, але пакуль гэтага не зрабіў. "Прычына адна. Як толькі я сказаў аб гэтым (а гэта было сказана некалькі месяцаў таму), усе залямантавалі. Але я папярэдзіў, што пытанне памілавання гэтак званых палітзняволеных — гэта найперш іх зварот з просьбай аб памілаванні. Я адразу публічна пра гэта сказаў. Не хочаш звяртацца — ніхто і разглядаць не будзе. Сядзі", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

"У дачыненні да тых, хто прасіў аб памілаванні, найбліжэйшым часам я разгледжу гэтыя пытанні. Мяне ніхто не папракне, што я свае абавязацельствы або абяцанні не выконваў. Мы прымем рашэнне па некаторых асобах, якія ўрэшце рэшт усвядомілі згубнасць сваёй пазіцыі і палітыкі адносна ўласнай дзяржавы", — дадаў ён.

Што да інфармацыі аб тым, што прашэнні аб памілаванні былі напісаны пад націскам, то, як паведаміў Лукашэнка, ён "даручыў адпаведным службовым асобам праверыць: па сваёй волі напісалі просьбу аб памілаванні або іх сапраўды прымусілі". "Днямі мне далі інфармацыю, у тым ліку і відэа, дзе яны шчыра і сумленна кажуць: "дык не, гэта наша была воля", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У месцах зняволення застаюцца 10 апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў, якіх праваабаронцы лічаць палітзняволенымі. Сярод іх — кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч, лідар не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту" Дзмітрый Дашкевіч, актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка, які некалькі месяцаў трымаў галадоўку.

З прашэннем аб памілаванні акрамя Саннікава звярнуўся каардынатар кампаніі "Еўрапейская Беларусь", давераная асоба Саннікава Дзмітрый Бандарэнка. Сёння, 15 красавіка, яго вызвалілі з магілёўскай калоніі, паведаміла яго жонка Вольга Бандарэнка.

Нагадаем, прадстаўнікі ЕС патрабуюць ад беларускіх уладаў вызвалення ўсіх палітзняволеных, падкрэсліваючы, што гэта — асноўная ўмова для нармалізацыі адносінаў паміж Бруселем і Мінскам.

Таццяна Каравянкова
БелаПАН, 15 красавіка 2012
 
Дата публикации:15.04.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2878
 
Ключевые слова:
Андрей Санников Оппозиция в Беларуси Амнистия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме